Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

26 Jun 2015

Лукашэнка: Роля моладзі ва ўсіх сферах жыцця краіны значна ўзрастае

26 чэрвеня, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Роля моладзі ва ўсіх сферах жыцця краіны значна ўзрастае. Аб гэтым сёння заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на Рэспубліканскім балі выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што бягучы год аб'яўлены Годам моладзі. "Гэта невыпадкова. Сёння ваша роля ва ўсіх сферах жыцця краіны значна ўзрастае. Вам будаваць будучыню", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да моладзі.

Нехта з выпускнікоў выбера кар'еру на вытворчасці, нехта прысвеціць сябе навуцы, зоймецца бізнесам або ўнясе свой уклад у сістэму дзяржаўнага кіравання. "Мы зацікаўлены ў вашым поспеху. Бо энергія і мэтанакіраванасць маладых - важны рэсурс у развіцці дзяржавы. Ваш поспех - гэта і наш поспех", - заўважаў Прэзідэнт.

Цяперашнія выпускнікі ўступаюць у дарослае жыццё ў няпросты для краіны перыяд, прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. "Але гэта менавіта той час, калі асабліва запатрабаванымі становяцца высокі прафесіяналізм, маральныя прынцыпы і сур'ёзнае стаўленне да справы, - лічыць Аляксандр Лукашэнка. - Нідзе не паважаюць тых, хто працуе спусціўшы рукавы. Затое высока цэняцца працавітасць, адказнасць, здольнасць прапанаваць свежую ідэю, ажыццявіць яе".

"Самы цяжкі перыяд у вашым жыцці скончыўся. Пры адной толькі ўмове - калі далей вы не будзеце дапускаць паспешлівых памылак, калі будзеце правільна вырашаць задачы, якія будзе ставіць перад вамі жыццё. Калі вы правільна, раз і назаўсёды, выбераце далейшы шлях. Калі, узвёўшы фундамент свайго жыцця, правільна далей пабудуеце свой дом, у якім будзеце жыць", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Выпускнікі змаглі многае пазнаць і шмат чаму навучыцца, адзначыў Прэзідэнт. "А галоўнае, вы не проста пасталелі, вы сталі абсалютна дарослымі людзьмі. Вы навучыліся стаяць перад цяжкасцямі, не адступаць і не станавіцца на калені перад гэтымі цяжкасцямі", - выказаў упэўненасць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што для выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў настала адказная пара, калі ім трэба будзе на практыцы асвойваць выбраную прафесію, будаваць сям'ю, наладжваць самастойнае жыццё. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што маладыя людзі мелі магчымасць набыць самыя сучасныя веды і карысныя ўменні. Дзяржава паклапацілася, каб забяспечыць кожнага гарантаваным рабочым месцам, дадаў беларускі лідар. "Але атрыманне дыплома - толькі першы крок у станаўленні сапраўднага спецыяліста. Я спадзяюся, вы здолееце пранесці праз усё жыццё шчырую любоў да ведаў, прагу да самаадукацыі і павагу да сваіх настаўнікаў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На Рэспубліканскім балі выпускнікоў прысутнічалі лепшыя прадстаўнікі выкладчыцкага корпуса. "Педагог выконвае вельмі важную функцыю ў жыцці грамадства, ён фарміруе будучыню нацыі. І поспехі вашых вучняў сведчаць аб тым, што вы спраўляецеся з гэтай нялёгкай задачай", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі