29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю Медыякарпарацыі Кітая расказаў, з чым звязаны інтэнсіўны графік яго візітаў у Кітайскую Народную Рэспубліку, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У якасці інтэрв'юера выступіла вядучая і карэспандэнт Цзо Юнь, якая спецыялізуецца на асвятленні міжнародных навін і палітычных тэм. Яна адзначыла, што Аляксандр Лукашэнка за час прэзідэнцтва быў у Кітаі 15 разоў, і спытала, з чым звязаны такі інтэнсіўны графік візітаў у Паднябесную.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што першы раз наведваў Кітай, яшчэ з'яўляючыся дэпутатам. Пасля вяртання ён прапанаваў у парламенце ўважліва прыгледзецца да таго шляху развіцця, які выбрала КНР. "Прабачце за нясціпласць, тады мной былі сказаны такія прарочыя словы, што за Кітаем будучыня. Кітай нам блізкі па сваім развіцці", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар адзначыў, што да яго тады не прыслухаліся. Празаходняя нацыяналістычная апазіцыя ў парламенце, якая, хоць і складала меншасць, "была самай крыклівай". Яе прадстаўнікі заяўлялі, што шлях Кітая для Беларусі непрымальны. Але Аляксандр Лукашэнка, стаўшы Прэзідэнтам, пачаў удзяляць вялікую ўвагу развіццю супрацоўніцтва з КНР.
"Кітай быў вельмі дружны з Савецкім Саюзам. Многае вы ў той час паўтаралі, што было ў нас, але мы з поспехам усё, што вам прапаноўвалі, знішчылі, развалілі. А вы з поспехам гэта прыстасавалі для Кітая, прыўнеслі шмат свайго і стварылі той магутны Кітай, які мы назіраем сёння", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт заявіў, што прапанаваў беларускаму народу мадэль развіцця Кітая, і пераканаўся, што меў рацыю, зрабіўшы такім чынам. "Я часта бываю ў Кітаі, каб не страціць тую ніць развіцця, па якой і нам даводзіцца ісці", - дадаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Кітай і Беларусь пастаянна пашыраюць супрацоўніцтва, дабаўляючы новыя напрамкі. "Таму любы мой візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку спалучаны з гэтымі напрамкамі развіцця. Я вельмі ўдзячны, што вы не па-кітайску вельмі адкрыта пайшлі на супрацоўніцтва з намі", - рэзюмаваў беларускі лідар.