Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

24 Снж 2019

Лукашэнка растлумачыў, на якіх умовах магчыма паглыбленне інтэграцыі з Расіяй

Лукашэнка растлумачыў, на якіх умовах магчыма паглыбленне інтэграцыі з Расіяй

24 снежня, Мінск /Кацярына Крышэнік - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка растлумачыў у інтэрв'ю галоўнаму рэдактару радыёстанцыі "Рэха Масквы" Аляксею Венядзіктаву, на якіх умовах магчыма паглыбленне інтэграцыі з Расіяй і чаму гэты працэс такі складаны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы ўказаў на шэраг статыстычных паказчыкаў у гандлі з Расіяй. Напрыклад, на адмоўнае для Беларусі знешнегандлёвае сальда ў памеры $9 млрд і тое, што сумарны дэфіцыт гандлю таварамі з Расіяй з 2000 па 2019 год перасягнуў $120 млрд. "Ніхто ж гэтай лічбы ў вас не чуе! Калі ў 2000 годзе мы займалі 11 працэнтаў у расійскім імпарце, то ў 2019 годзе доля спала напалавіну - да 5,5 працэнта, - падкрэсліў беларускі лідар. - Ідзе спад. Дык што ж гэта за саюз?"

"Я вам задаю рытарычнае пытанне: дык што ж гэта за саюз, калі ў нас становіцца па ўсіх пазіцыях горш і горш? - прадоўжыў ён. - Але ж вы гэта не аналізуеце, вам жа гэта не патрэбна. Вам чамусьці ў Расіі трэба паказаць, што (Беларусь. - Заўвага БЕЛТА) гэта гіра на нагах, гэта нахлебнікі, што Лукашэнка ніякі, ён капрызны, як мінімум. Глупства поўнае".

На пытанне журналіста, чаму так адбываецца, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Вам трэба было градус Лукашэнкі ў Расіі панізіць".

Прэзідэнт нагадаў, што ён адразу пасля падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы прапаноўваў і нават настойваў на правядзенні рэферэндуму для прыняцця Канстытуцыі, дзе было б прапісана ўсё - ад агульнай валюты да наднацыянальных органаў. "Чаму вы тады не захацелі? - задаў пытанне беларускі лідар. - Вы баяліся, што Лукашэнка прыбяжыць у Крэмль, схопіць шапку Манамаха і панясе не тое ў Піцер, не тое ў Мінск, не дай бог, яе забярэ. Вось чаго вы баяліся. Хоць гэта не варта выедзенага яйца".

Вобразна гаворачы аб фарміраванні Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт адзначыў, што "пачалі будаваць дом з даху" і ўспомнілі аб шматлікіх базавых пытаннях толькі праз доўгі перыяд, калі час для іх вырашэння ўжо ўпушчаны. У Беларусі і Расіі вырасла новае пакаленне, якое цэніць незалежнасць і суверэнітэт. "Мінуў час, упушчаны незваротна, таму сёння нельга вырашаць пытанне так, як вы прапануеце: давайце прэзідэнтам будзе гэты, парламент - гэты, зверху цяпер усё пабудуем, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Заўтра атрымаем такую ўспышку... Не толькі ў Беларусі (перш за ўсё тут), але і ў Расіі. Паглядзіце, колькі расіян гавораць: "Скажыце Лукашэнку, не трэба аб'ядноўвацца з Расіяй". Колькі такіх людзей? А чаму так гавораць? Не таму што яны не любяць Лукашэнку і Беларусь, а таму што яны баяцца, што Беларусь ператворыцца ў алігархічную краіну - вось што іх хвалюе".

Кіраўнік дзяржавы настойвае на тым, каб любыя інтэграцыйныя працэсы ішлі на раўнапраўнай аснове, як, напрыклад, гэта адбываецца ў Еўрапейскім саюзе, дзе роўныя галасы маюць усе краіны, незалежна ад памераў, ступені развіцця эканомікі і іншых фактараў. "А нам (з боку Расіі. - Заўвага БЕЛТА) нават не намякаюць, а гавораць: "Мы вялікія, а вы меншыя, значыць, будзе так, як у нас", - адзначыў беларускі лідар. - А я кажу: "Не. Тое, што ў вас лепшае, давайце зробім агульным здабыткам. Што ў нас - давайце зробім у Расіі".

У якасці прыкладу ён прывёў умовы гандлю тытунёвымі вырабамі і алкаголем, якія адрозніваюцца ў дзвюх краінах, у Беларусі - у лепшы бок. Аднак Расія не згаджаецца распаўсюдзіць гэты вопыт на Саюзную дзяржаву.

Аляксей Венядзіктаў у час інтэрв'ю адзначыў падабенства разважанняў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна і ў сувязі з гэтым пацікавіўся, чаму абодва палітыкі пры наяўнасці прыблізна аднолькавай логікі разважанняў не могуць дамовіцца.

"Мы ж палітыкі, таму, калі мы разважаем, нібыта ўсе аднолькавыя, - адказаў беларускі лідар. - Адна справа разважаць, а іншая - гэтыя разважанні ўвасабляць у жыццё, дзейнічаць такім чынам. Гэта складаней".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі