Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

15 Aug 2016

Лукашэнка расказаў аб новым фармаце рабочых паездак па Беларусі

15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы сёння на нарадзе аб сацыяльна-эканамічным развіцці Брэсцкай вобласці, якая праходзіць у Маларыцкім раёне, расказаў аб новым фармаце сваіх рабочых паездак па Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Калі гаварыць аб нейкім маштабе, задуме маіх паездак за апошнія дні, то, шчыра кажучы, я хацеў бы больш пільна, уважліва вывучыць сітуацыю на месцах", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падставай для правядзення нарад з выездам у рэгіёны служаць не нейкія надзвычайныя абставіны. "На кожным месцы мяне цікавіла тая ці іншая праблема, - сказаў Прэзідэнт. - Кантраляваць выкананне ключавых паказчыкаў эфектыўнасці работы, якія прапісаны ў "Матрыцы задач для вертыкалі ўлады", я буду пастаянна. Хачу проста папярэдзіць, нікога ні ў якім разе не запалохваючы: усе рашэнні, якія я прымаю тут на месцы, павінны няўхільна выконвацца, чаго б гэта ні каштавала - і ўраду, і губернатару, і кіраўнікам прадпрыемстваў".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што тыя пытанні, якія былі ўзняты ў час цяперашняй паездкі, павінны быць вырашаны ва ўстаноўленыя тэрміны.

Не менш важная падстава быць на месцах, паводле слоў Прэзідэнта, - кантроль за ходам праводзімых работ. Пры гэтым пытанне не толькі ва ўборачнай кампаніі, нягледзячы на яе важнасць. "Мы ўжо навучыліся ўбіраць. Усё, што трэба было ад дзяржавы, і нават больш таго, зроблена. Трэба глядзець глыбей, на тэхналогіі, - упэўнены кіраўнік дзяржавы. - Я цудоўна разумею: усе ўсё адначасова не зробяць. Але да чаго імкнуцца, мы паказалі ўжо".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што стыль і тактыка яго рабочых паездак мяняецца. "Я разумею, што кожны губернатар і старшыня райвыканкама знойдуць, што паказаць. Але калі я буду глядзець толькі на прыгожае, то ўсё, што за кадрам застанецца, можа не атрымаць свайго развіцця", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Правесці нараду ў Маларыцкім раёне, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, вырашылі невыпадкова: гэты рэгіён у ліку адстаючых па шэрагу пазіцый. Прэзідэнт заўважыў, што ў цэлым у Брэсцкай вобласці не выкананы чатыры з васьмі ключавых паказчыкаў эфектыўнасці. Сярод іх тэмп росту валавога рэгіянальнага прадукту, прадукцыйнасці працы, экспарт тавараў і прыцягненне прамых замежных інвестыцый. Да таго ж вобласць займае апошняе месца па ўдзельнай вазе інавацыйнай прадукцыі: яе доля толькі 1,1 працэнта пры сярэднерэспубліканскім узроўні - 13,9 працэнта. Не забяспечваецца ў поўнай меры выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы па разгрузцы складоў гатовай прадукцыі на прадпрыемствах, змяншэнні колькасці стратных прадпрыемстваў, загрузцы вытворчых магутнасцей домабудаўнічых камбінатаў.

У той жа час Прэзідэнт заявіў, што ў наступны раз мае намер вывучыць развіццё прамысловых прадпрыемстваў у Брэсце. "У нас вельмі шмат праблем у прамысловасці, і менавіта ў Брэсце. У мяне склалася такое меркаванне, што горш з прамысловасцю, чым у Брэсце, няма. Гэта мы вывучым", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Спадзяюся, вы будзеце не запэўненнямі, спадзяваннямі, абяцаннямі напаўняць свае даклады, а будзеце абазначаць праблемы, якія існуюць у вобласці або ў раёне. А самае галоўнае - як вырашаць гэтыя праблемы. Я чакаю і аб'ектыўных ацэнак, і канкрэтных прапаноў", - сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі