Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

24 Nov 2020

Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў 6 краін і Мальтыйскага ордэна

Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў 6 краін і Мальтыйскага ордэна

24 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў сёння даверчыя граматы паслоў шасці краін і Мальтыйскага ордэна. Урачыстая цырымонія адбылася ў Палацы Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку ўручылі паслы Бангладэш, Ізраіля, Камбоджы, Кітая, Намібіі, Пакістана і Мальтыйскага ордэна.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь з'яўляецца надзейным партнёрам для кожнай з дзяржаў, паслы якіх прысутнічаюць сёння на цырымоніі. "Нам ёсць што прапанаваць вам для супрацоўніцтва", - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

Пра Кітай

Звяртаючыся да Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кітая ў Беларусі Се Сяаюна, Аляксандр Лукашэнка заявіў: "Характар нашых адносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай - даверчае ўсебаковае стратэгічнае партнёрства і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва. І гэтым усё сказана (усё гэта замацавана ў нарматыўна-прававых міжнародных актах). Гэтай філасофіяй прасякнуты ўсе сферы нашага ўзаемадзеяння".

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь актыўна ўдзельнічае ў кітайскай ініцыятыве "Пояс і шлях". "Сёння гэта рэальна працуючы праект, які дае канкрэтную аддачу, і мы ўсямерна садзейнічаем і будзем садзейнічаць яго спалучэнню з інтэграцыйнымі працэсамі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, наколькі гэта магчыма", - сказаў беларускі лідар.

У якасці аднаго з паказальных прыкладаў двухбаковага супрацоўніцтва Аляксандр Лукашэнка прывёў праект Кітайска-беларускага ідустрыяльнага парка "Вялікі камень", дзе працуюць ужо амаль 70 высокатэхналагічных замежных кампаній.

Акрамя таго, у гэтым годзе стартавалі яшчэ два важныя для Беларусі праекты - будаўніцтва Нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту на сродкі КНР.

"Захоўваюцца добрыя тэмпы росту беларускага экспарту ў Кітай. Паводле нашых ацэнак, у гэтым годзе аб'ём паставак сельгаспрадукцыі ў Кітай упершыню дасягне $200 млн. Я ўпэўнены, што гэта толькі пачатак", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пра Ізраіль

Характарызуючы адносіны Беларусі і Ізраіля, Прэзідэнт заўважыў, што дзве краіны звязвае шматвяковая дружба, а таксама агульная трагедыя самай кровапралітнай у гісторыі чалавецтва вайны.

"Нашы дзяржавы паслядоўна адстойваюць абсалютную недапушчальнасць перагляду яе вынікаў і гераізацыі нацызму (дарэчы, у бліжэйшы час наш парламент разгледзіць законапраект аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму ў Беларусі). Так званай гераізацыяй сёння грашаць вельмі многія краіны, асабліва размешчаныя побач з намі. А дарэмна. Упэўнены, што ніякія заслугі перад айчынай не могуць апраўдаць злачынствы супраць чалавецтва", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што будзе развівацца супрацоўніцтва з Ізраілем у галіне інфармацыйных і біятэхналогій, робататэхнікі, а таксама штучнага інтэлекту. "І ёсць што вам прапанаваць. Ваш узровень развіцця мы ведаем", - адзначыў Прэзідэнт.

Пра Мальтыйскі ордэн

"Значны вопыт двухбаковага супрацоўніцтва ў нашай краіны з Мальтыйскім ордэнам, якому ўдзячны за вялікую гуманітарную дапамогу, пастаўкі медыцынскага абсталявання, павышэнне кваліфікацыі беларускіх урачоў", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама звярнуў увагу, што ордэн актыўна ўзаемадзейнічае з Беларуссю ў рамках міжнародных намаганняў па барацьбе з гандлем людзьмі.

Пра Пакістан

Асаблівае значэнне, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь надае супрацоўніцтву з Пакістанам. "Пасля адкрыцця сваіх дыпмісій Мінск і Ісламабад зрабілі сапраўдны прарыў ва ўсіх сферах узаемадзеяння. Сёння нам неабходна разумна выкарыстоўваць існуючыя напрацоўкі, удзяліўшы асаблівую ўвагу прамысловасці, сельскай гаспадарцы, адукацыі, фармацэўтыцы і ахове здароўя. Галоўнае - не спыняцца, трэба ісці наперад, нягледзячы на розныя катаклізмы тут і там", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што чакаецца візіт у Мінск прэм'ер-міністра Пакістана Імрана Хана.

Пра Бангладэш

Беларусь разглядае Народную Рэспубліку Бангладэш як важнага і перспектыўнага партнёра, запэўніў Прэзідэнт. Ён канстатаваў, што за апошнія гады актывізавалася ўзаемадзеянне дзвюх краін у гандлёва-эканамічнай сферы. "І магчымасці тут вялікія, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. Мы бачым добрыя перспектывы для работы ў сферах прамысловасці, сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі і адукацыі. Пазіцыі нашых краін блізкія і па асноўных пытаннях міжнароднага парадку дня".

Пра Камбоджу

У гэтым годзе Беларусь і Камбоджа адзначылі 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. "За гэты час сфарміраваны дагаворна-прававая база і рабочыя органы для ўзаемадзеяння. Пара актыўна пераходзіць да канкрэтных праектаў. Мы да гэтага гатовы", - заявіў Прэзідэнт.

"Тэхналагічныя магчымасці Беларусі могуць у значнай ступені задаволіць патрэбнасці эканомікі Камбоджы, - прадоўжыў беларускі лідар. - Акрамя паставак тэхнікі і абсталявання, нашы прадпрыемствы гатовы актывізаваць прамысловую кааперацыю, удзельнічаць у развіцці транспартнай і энергетычнай інфраструктуры Камбоджы, здабычы карысных выкапняў. Мы гатовы ствараць у вас патрэбныя для вас прадпрыемствы і рыхтаваць для іх рабочыя кадры".

Пра Намібію

"У Афрыцы ў нас далёка не цалкам рэалізаваны патэнцыял супрацоўніцтва з Намібіяй. Сёння мы знаходзімся толькі ў пачатку шляху па фармаціраванні нашых адносін, - адзначыў Прэзідэнт. - Я абсалютна ўпэўнены, што нам трэба арыентавацца на дасягненне практычнага выніку на доўгатэрміновую перспектыву супрацоўніцтва".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, неабходна сканцэнтравацца на павелічэнні аб'ёмаў узаемнага гандлю і рэалізацыі сумесных праектаў у сферах энергетыкі і сельскай гаспадаркі.

На заканчэнне цырымоніі кіраўнік дзяржавы яшчэ раз павіншаваў дыпламатаў з афіцыйным пачаткам работы ў Беларусі. "Спадзяюся, вы будзеце непрадузята і аб'ектыўна даводзіць свайму кіраўніцтву інфармацыю аб жыцці нашай краіны. Мы гатовы дапамагаць вам у гэтым, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Разлічваю, што вашы вопыт і прафесіяналізм стануць трывалай асновай для канструктыўнага ўзаемадзеяння, а яго практычныя вынікі не прымусяць сябе доўга чакаць".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі