Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

11 Снж 2018

Лукашэнка прапануе Расіі зняць абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў у гульнявых відах спорту

Лукашэнка прапануе Расіі зняць абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў у гульнявых відах спорту

11 снежня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступае за зняцце абмежаванняў у Расіі на ўдзел беларускіх спартсменаў у гульнявых відах спорту. Гэта тэма абмяркоўвалася сёння на сустрэчы кіраўніка дзяржавы з міністрам спорту Расіі Паўлам Калабковым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я ўдзячны вам, што ў нас ёсць рух у прыраўноўванні беларусаў да расіян, каб тут не было адрозненняў. Па хакеі нібыта вырашылі праблему, але, я думаю, трэба рухацца і па іншых відах спорту. Я некалі Прэзідэнту (Уладзіміру Пуціну. - Заўвага БЕЛТА) гаварыў, што нам не трэба баяцца, што будуць думаць іншыя дзяржавы. Калі яны хочуць мець роўныя правы, трэба ўступаць у Саюз Беларусі і Расіі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў поспехі расійскіх спартсменаў на апошніх міжнародных стартах і прызнаўся, што, калі на спаборніцтвах не выступаюць беларусы, то заўсёды балее за каманду Расіі. "Вы проста малайцы, па-рускі зубы сціснулі і бартанулі нарвежцаў нават у лыжных відах спорту. Дай бог, каб у лыжнікаў так далей было, як на гэтых першых этапах", - пажадаў кіраўнік дзяржавы.

На сустрэчы таксама абмяркоўвалася супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў частцы выкарыстання спартыўных аб'ектаў абедзвюх краін для падрыхтоўкі спартсменаў, у тым ліку да летніх Алімпійскіх гульняў у Японіі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што расійскія атлеты пры неабходнасці заўсёды могуць трэніравацца ў Беларусі.

Міністэрства спорту і турызму Беларусі вядзе работу з расійскімі калегамі па зняцці ўстаноўленых абмежаванняў для беларускіх грамадзян. Па загадзе Мінспорту Расіі ліміт легіянераў у водным пола, валейболе, гандболе, хакеі на траве, рэгбі, хакеі з мячом і баскетболе павялічаны з сямі да васьмі спартсменаў. Акрамя таго, у верасні расійскае ведамства зняло абмежаванні на ўдзел беларускіх хакеістаў ва ўсерасійскіх спартыўных спаборніцтвах.

Адначасова ў лістападзе з'явіліся праекты загадаў Мінспорту Расіі па ўнясенні аналагічных змяненняў па зняцці абмежаванняў на ўдзел спартсменаў, якія не маюць права выступаць за зборныя РФ, ва ўсерасійскіх спартыўных спаборніцтвах па баскетболе, водным пола, валейболе, гандболе, рэгбі, хакеі на траве, хакеі з мячом і футболе. Пасля грамадскага абмеркавання і незалежнай антыкарупцыйнай экспертызы дакументы будуць накіраваны на дзяржаўную рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі Расіі.

Гэтыя і іншыя пытанні супрацоўніцтва ў спартыўнай сферы будуць разглядацца ў Мінску на сумесным пасяджэнні калегій Міністэрства спорту і турызму Беларусі і Міністэрства спорту Расіі 11-12 снежня. Бакі абмяркуюць развіццё супрацоўніцтва, у тым ліку ў кантэксце падрыхтоўкі да II Еўрапейскіх гульняў, расійскі вопыт па падрыхтоўцы і правядзенні чэмпіянату свету па футболе, правядзенне спартакіяды Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва, а таксама іншыя пытанні.

Па выніках пасяджэння плануецца падпісаць праграму супрацоўніцтва на 2019-2020 гады. Дакумент уключае комплекс мер па развіцці ўзаемавыгадных кантактаў у сферы фізкультуры і спорту для забеспячэння роўных правоў грамадзян дзвюх краін на заняткі спортам, стварэнне сістэмы падрыхтоўкі спартсменаў высокага класа да міжнародных спаборніцтваў і эфектыўнага выкарыстання фізкультурна-спартыўных збудаванняў. У прыватнасці, рэалізацыя праграмы прадугледжвае ўзаемадзеянне дзяржаўных органаў кіравання фізічнай культурай і спортам, грамадскіх і рэгіянальных спартыўных арганізацый, навучальных і навуковых устаноў спартыўнага профілю дзвюх краін.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі