28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На Захадзе ўжо дайшлі да крадзяжу, выкарыстоўваючы чужыя золатавалютныя рэзервы. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў на ІІІ Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Няхай сабе санкцыі. Колькі гэтых санкцый ужо ўводзілі апошнім часам... Але ўжо дайшлі да крадзяжу. Вазьміце золатавалютныя рэзервы Расіі, Беларусі. Але яны ж (заходнія краіны. - Заўвага БЕЛТА) заўсёды былі за тое, каб мы свае золатавалютныя рэзервы захоўвалі дзе? Калі ў нас дома ЗВР - гэта не ЗВР - трэба абавязкова некуды вывезці ў першакласныя банкі, у салідныя дзяржавы. Вывезлі. І што? Ужо дайшлі да таго, што пачалі бессаромна браць гэтыя грошы і, як свае, накіроўваць туды, куды лічаць патрэбным", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён канстатаваў, што ў гэтым плане яшчэ пакуль ідзе невялікая гульня: "Ах, Бельгія нешта хоча ці не хоча, ЗША… А раптам забяром гэтыя рэзервы - міжнароднае права рассыплецца".

"Ды гасподзь з вамі, яно ўжо даўно рассыпалася. Проста ідзе гульня. Адурманіць спрабуюць нас (нас - немагчыма, мы людзі інфармаваныя) і людзей у свеце. Даўно гэта пытанне вырашана. Бандытызм і крадзеж", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Ён лічыць, што на гэта трэба рэагаваць, у тым ліку ствараючы альтэрнатыўную валюту. "Усе мы разумеем, што могуць гэтыя санкцыі быць сёння супраць іншых краін. Вось Індыя не паслухаецца і далей будзе закупляць нафту не там, дзе трэба, - могуць і супраць яе ўвесці санкцыі. Паўтара мільярда з лішнім чалавек! Усе разумеюць, што заўтра і ваенным шляхам (паглядзіце на Венесуэлу) могуць націснуць. Усе разумеюць, што да гэтага можам прыйсці. Ну дык давайце аб'яднаемся, давайце будзем ствараць нейкую альтэрнатыву, пачынаючы ад разлікаў і заканчваючы пэўнай дэманстрацыяй нашых магчымасцей. А такія магчымасці ёсць", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.