11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя ўсіх беларусаў і сябе асабіста павіншаваў народ Польшчы з Нацыянальным святам незалежнасці. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
"У цяперашні няпросты час асабліва адчувальна ўспрымаюцца каштоўнасці суверэннасці дзяржавы і свабоды народа, які стварае сваю будучыню на аснове нацыянальнай самасвядомасці, гістарычнай мудрасці і падтрымкі ўзаемапаважлівых адносін", - гаворыцца ў віншаванні.
Прэзідэнт перакананы, што палякі бачаць і добра разумеюць значнасць міжчалавечых кантактаў і супрацоўніцтва з Беларуссю, дружалюбнасці і даверу, захавання агульнай хрысціянскай і культурнай спадчыны.
"Добрасуседства - наш бясцэнны дар, якім пры любых абставінах не варта рызыкаваць: замыкаць граніцы і ставіць пад пагрозу нацыянальную бяспеку, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Менавіта таму Мінск, дэманструючы прыхільнасць да прынцыпаў мірнага суіснавання, увёў бязвізавы парадак уезду для жыхароў шэрага еўрапейскіх краін, чым скарысталіся ўжо больш за 120 тыс. польскіх грамадзян".
Кіраўнік дзяржавы пажадаў народу Польшчы згоды, бясхмарнага неба і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, а таксама запрасіў усіх у гасцінную Беларусь.