3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ўзмацніць падрыхтоўку афіцэрскага складу і забяспечыць строгі кантроль за гэтым не толькі ў часцях Узброеных Сіл, але і ў Ваеннай акадэміі. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 3 сакавіка, прымаючы кадравыя рашэнні ў кіраўніцтве Дзяржсакратарыята Савета бяспекі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт адзначыў, што назначаным на новыя пасады Аляксандру Невяроўскаму і Андрэю Гарбаценку давядзецца працаваць у няпросты перыяд. "Няпросты не таму, што нас акружаюць розныя прахіндзеі ад палітыкі і ў ваенных адносінах нашы сапернікі (калі не сказаць больш жорстка). Не таму", - удакладніў кіраўнік дзяржавы.
Складанасць будучай работы тлумачыцца перш за ўсё сур'ёзнасцю задач, якія трэба будзе вырашаць. Вызначаны яны былі ў тым ліку ў час правядзення раптоўнай праверкі Узброеных Сіл, якая была арганізавана па рашэнні Прэзідэнта і, як сказаў Аляксандр Лукашэнка, будзе прадоўжана. "Гэта прыклад, як мы будзем дзейнічаць далей", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"Аляксандр Віктаравіч прымаў непасрэдны ўдзел у гэтай праверцы, бачыў усё сваімі вачамі. Думаю, і вы не ўбаку былі", - звярнуўся Прэзідэнт да прысутных.
"У бліжэйшы час мы падвядзём вынікі. І вось тут для вас вельмі сур'ёзны час, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Самая галоўная выснова, якую мы павінны зрабіць з гэтай праверкі, я ўжо нядаўна абазначыў: мы павінны па-сапраўднаму рыхтаваць афіцэрскі склад. Гэта ўжо ваша цяперашняя задача. Ды яна будзе перад вамі стаяць заўсёды. З гэтым прыцэлам я і вырашыў назначыць вас - каб мы бачылі гэту галоўную праблему".
"Ідэальных ваеннаслужачых не будзе. Нават у ваенны час. Мы гэта бачым па Украіне з аднаго і другога боку. Гэта мая асабістая выснова, і не толькі мая. Людзі будуць розныя: і добра падрыхтаваныя, і менш падрыхтаваныя. Але я загадзя папярэджваю ўсіх: хто будзе добра гатовы да вайны, той будзе жыць. Хто цяп-ляп - той жыць не будзе", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Ён яшчэ раз падкрэсліў важную ролю афіцэрскага складу ў сітуацыі вядзення баявых дзеянняў: "Галоўнае - гэта афіцэр, камандзір узвода, роты і гэтак далей. Калі ён будзе падрыхтаваны, ён захавае салдат, сваіх падначаленых, ён захавае хлопцаў на полі бою. Тое, чаго яны не дацягваюць з-за сваёй расхлябанасці: "Ай, чаго там, не будзе гэта вайна..." У вайне, у баі гэта ўсё будзе праяўлена. І тое, чаго яны не разумелі ў час грамадзянскага жыцця, афіцэр у ваенны час павінен падказаць ім, як дзейнічаць".
"Сказаць, што ў нас ідэальна ў гэтых адносінах, - не. І гэта вашы недапрацоўкі. Таму на новай пасадзе вы строга павінны кантраляваць падрыхтоўку нашых ваеннаслужачых не толькі ў часцях Узброеных Сіл, але і ў акадэміі (Ваеннай акадэміі. - Заўвага БЕЛТА)", - абазначыў кола задач Прэзідэнт.

3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў кадравыя назначэнні ў Дзяржаўным сакратарыяце Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Невяроўскі назначаны першым намеснікам дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі. Раней ён займаў пасаду намесніка дзяржсакратара.
У сваю чаргу намеснікам дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі назначаны Андрэй Гарбаценка. Да гэтага часу ён кіраваў Ваеннай акадэміяй Рэспублікі Беларусь.