27 сакавіка, Пхеньян /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачы адкрыць у КНДР беларускае пасольства і паскорыць работу над пагадненнем аб бязвізавых паездках грамадзян. Аб гэтым заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў, каменціруючы праведзеныя ў Пхеньяне перагаворы на вышэйшым узроўні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Прэзідэнтам пастаўлены канкрэтныя задачы. Адкрыць пасольства наша тут у адказ на пасольства КНДР, якое ўжо доўгі час існуе ў Рэспубліцы Беларусь. Другое - паскорыць работу над пагадненнем аб бязвізавых паездках грамадзян. Ды і ўвогуле паглядзець, ужо абапіраючыся на падпісаны дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве, на ўвесь комплекс пытанняў, якія мы можам у самы бліжэйшы час раскрыць. Дзе ў нас ёсць патэнцыял для садзейнічання адзін аднаму ў рэалізацыі мэт і задач развіцця нашых краін", - расказаў кіраўнік МЗС.
Паводле яго слоў, у ліку перспектыўных напрамкаў - ахова здароўя, адукацыя, сельская гаспадарка. "Іх (прадстаўнікоў КНДР. - Заўвага БЕЛТА) таксама хвалюе, як і нас, тэма забеспячэння харчовай бяспекі. Тут мы можам ім аказаць садзейнічанне і падставіць плячо. У ахове здароўя іх вельмі цікавяць нашы напрацоўкі", - адзначыў Максім Рыжанкоў.
Ён таксама заявіў, што на перагаворах Аляксандра Лукашэнкі і Кім Чэн Ына адбыўся вельмі грунтоўны абмен меркаваннямі па міжнародным парадку дня: "Абмеркавалі ўсе напрамкі, пачынаючы ад падзей на Блізкім Усходзе, іранскага кейса, пытанняў спецыяльнай ваеннай аперацыі Расіі, адносін з буйнейшымі краінамі планеты. Гістарычныя нейкія рэчы (абмяркоўваліся. - Заўвага БЕЛТА), якія звязваюць нашы краіны".
"Калі паглядзець на гісторыю, то мы вельмі падобныя тым, што права сваіх незалежнасці і суверэнітэту заваявалі ў жорсткай барацьбе і мільённымі стратамі. Тым, што сёння ў прытрымліванні свайго ўласнага шляху развіцця таксама вымушаны адбівацца ад тых, хто хацеў бы, каб мы жылі інакш, - адзначыў міністр. - Галоўная сутнасць нашых знешнепалітычных перагавораў - гэта абсалютна не жаданне дружыць супраць кагосьці. Галоўная мэта - паслядоўна развіваць адносіны паміж двума дружалюбнымі народамі, кантакты паміж бізнесменамі, грамадзянамі дзвюх краін".