23 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў пытанне аб функцыянаванні магістратуры. Гэта адна з тэм нарады кіраўніка дзяржавы з кіраўніцтвам Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як ідуць справы з улікам раней прынятых рашэнняў. "Некалькі гадоў таму мы на гэту тэму з вамі грунтоўна пагаварылі і вызначыліся: ніякага Балонскага працэсу, у нас нармальная адукацыя", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што раней у нейкі час з падачы асобных дзеячаў была папулярная тэма Балонскага працэсу, каб падрыхтаваць "спецыялістаў на ўсе рукі", на якіх будзе попыт за межамі краіны. "Я памятаю гэту размову. Вы што, у беларускіх універсітэтах будзеце рыхтаваць для замежжа людзей?" - спытаў ён.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі вучыцца шмат іншаземцаў, якія хацелі б закончыць магістратуру. "Добра, давайце так і зробім. Яны плацяць грошы за ўсё, за магістратуру. Прыходзьце, навучайцеся ў магістратуры ў тым ліку. Колькі хочаце гадоў. Вашы грошы, мы вас вучым. Едзьце куды хочаце працаваць", - сказаў Прэзідэнт.
Што датычыцца падрыхтоўкі ў магістратуры айчынных спецыялістаў, нагадаў Аляксандр Лукашэнка, прынялі рашэнне, што магістрантамі будуць тыя, хто ў далейшым будзе займацца навукай і выкладаннем.
"Як ідуць справы цяпер? Хацеў бы, каб міністр адукацыі тут дакладна і адназначна далажыў", - сказаў Прэзідэнт.