Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

29 Жнв 2025

Лукашэнка: пакуль АБСЕ бяздзейнічае, ключом да міру ў Еўропе магла б стаць іншая арганізацыя

Лукашэнка: пакуль АБСЕ бяздзейнічае, ключом да міру ў Еўропе магла б стаць іншая арганізацыя

29 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пакуль АБСЕ бяздзейнічае, ключом да міру і стабільнасці ў Еўропе магла б стаць другая арганізацыя. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрв'ю Медыякарпарацыі Кітая (China Media Group), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адной з тэм інтэрв'ю стала сітуацыя ва Украіне і магчымасць вырашэння канфлікту. Было адзначана, што ўкраінскі крызіс таксама прымусіў задумацца аб тым, як стварыць больш збалансаваную, эфектыўную і ўстойлівую архітэктуру еўрапейскай бяспекі. Прэзідэнта спыталі, што, на яго думку, з'яўляецца ключом да доўгатэрміновага міру і стабільнасці ў Еўропе.

"Бяспека павінна быць непадзельнай, яна павінна быць для нас, еўрапейцаў, агульнай. І сваю ролю ў гэтай сістэме бяспекі павінны адыгрываць усе - ад Беларусі і Расіі да Англіі, Германіі і гэтак далей. Можа, з удзелам вядучай краіны - Злучаных Штатаў Амерыкі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым ён нагадаў пра існаванне АБСЕ  - Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, куды, акрамя еўрапейскіх дзяржаў, уваходзяць таксама ЗША і Канада. "Самы востры момант (цяпер для еўрапейскай бяспекі. - Заўвага БЕЛТА), а яе не чуваць, гэтай арганізацыі, і не відаць. А трэба было б сабрацца і сур'ёзна кіраўнікам дзяржаў абмеркаваць тое, што тут адбываецца", - слушна заўважыў Прэзідэнт.

"Таму патрэбна не проста дыпламатычная арганізацыя, а ваенна-палітычная арганізацыя, - упэўнены кіраўнік дзяржавы. - І, самае галоўнае, пры гэтым патрэбны гарантыі бяспекі. Трэба дамовіцца: вось гарантыі бяспекі, і калі яны парушаюцца, адказ будзе вось такі".

Зрэшты, як заўважыў Прэзідэнт, быў у гісторыі горкі вопыт, калі такія гарантыі існавалі на паперы, а на справе не спрацавалі. "Калі мы ў Будапешце заключалі дагавор аб вывадзе ядзернай зброі з тэрыторыі Украіны і Беларусі, Казахстана і сканцэнтравалі сваю зброю ў адной краіне (цяпер - Расійскай Федэрацыі), тады нам давалі гарантыі моцныя краіны: і Амерыка, і Вялікабрытанія, і Расія, і гэтак далей. Ну і што? Усё гэта было забыта. Таму трэба дамаўляцца цяпер. А ўсё, што будзе потым, будзе залежаць ад нас, ад нашай палітыкі, ад усіх на еўрапейкім кантыненце, і не толькі на еўрапейскім",- заявіў беларускі лідар.

Журналіст, гаворачы пра крызіс ва Украіне ў час інтэрв'ю, звярнула ўвагу, што 15 жніўня прэзідэнты Дональд Трамп і Уладзімір Пуцін правялі сустрэчу на Алясцы, а Аляксандр Лукашэнка 15 і 17 жніўня правёў тэлефонныя размовы і з тым, і з другім. Кіраўніка беларускай дзяржавы спыталі, ці змянілася пасля гэтага яго ацэнка сітуацыі ва Украіне.

"Мы, як ніколі раней, блізкія да таго, каб спыніць гэты канфлікт і дамовіцца аб міры паміж Расіяй і Украінай", - заявіў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што абсалютна не згодны з тымі высновамі і заключэннямі, якія гучалі з вуснаў некаторых журналістаў і розных "спецыялістаў" па выніках перагавораў на Алясцы. Нібыта там Пуцін больш атрымаў, Трамп менш атрымаў. Або, як некаторыя гавораць груба, што Пуцін - Трампа тварам аб стол і Трамп прайграў... "Калі ты не разумееш у элементарнай дыпламатыі, то не трэба даваць ацэнкі. Гэта розныя людзі, розныя пазіцыі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён растлумачыў, што Уладзімір Пуцін прадстаўляў адзін з канфліктуючых бакоў, а Дональд Трамп у гэтай сітуацыі выступаў у якасці пасрэдніка паміж канфліктуючымі бакамі, каб даведацца пра пазіцыю Расіі. "Што ад гэтага мог атрымаць Трамп? Яго за гэта крытыкуюць усюды - за тое, што ён стаў пасрэднікам. Яму за гэта трэба падзякаваць, - упэўнены Прэзідэнт. - Ён высветліў пазіцыю Расіі ў гэтым канфлікце. Ён зразумеў, чаго хоча Расія. Але нават гэта ён не стаў гаварыць, таму што ён не адзін з бакоў гэтага канфлікту. Тое, што было абмеркавана, - гэта канкрэтыка, па якой будуць размаўляць прэзідэнты Пуцін і Зяленскі, канфліктуючыя бакі".

"Трамп пасрэднік. Ён пачуў адзін з бакоў канфлікту, задаў шмат пытанняў Пуціну, на якія атрымаў адказы, і зразумеў пазіцыю Расіі. Як ні гавары, усё ж пазіцыя Расіі для будучага міру тут важнейшая, чым украінская", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы і растлумачыў свой пункт гледжання тым, што Расія дамінуе на фронце, рухаючыся наперад па ўсёй яго лініі.

"Для Украіны - вельмі небяспечна. Украіне трэба сёння спыніцца, трэба заключыць мірнае пагадненне, каб не страціць Украіну наогул", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На яго думку, Дональд Трамп заслугоўвае ўдзячнасці за тое, што ўвогуле ўзяўся за ролю пасрэдніка і імкнецца завяршыць канфлікт. Хоць, магчыма, ён ужо і сам не рады, што ўвязаўся ў гэту справу, думаючы, што ўсталяваць мір значна лягчэй. "Я амерыканцаў слова ў слова папярэджваў, калі яны былі ў мяне задоўга да гэтых перагавораў: вы перадайце Трампу, што яму цяпер адступаць нельга. Ён узяўся за гэту праблему і павінен яе вырашыць, і ён можа яе вырашыць, і стараецца", - заўважыў Прэзідэнт.

Пасля перагавораў з Уладзімірам Пуціным Дональд Трамп правёў у Вашынгтоне сустрэчу з лідарамі краін ЕС і Уладзімірам Зяленскім, выклаўшы ім сутнасць таго, што адбываецца. "І еўрапейцы рвуцца ў гэтыя перагаворы: "Без нас не можа нічога адбыцца", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым Прэзідэнт нагадаў, як у лютым 2015 года па ініцыятыве значных еўрапейскіх краін у Мінск прыехалі лідары Германіі і Францыі, прайшлі перагаворы "нармандскай чацвёркі" па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне. "Хто перашкаджаў усталяваць трывалы мір? - рытарычна запытаў кіраўнік дзяржавы. - Дык яны потым прызналіся: яны сюды прыехалі не мір усталёўваць, а для таго, каб даць магчымасць пераўзброіцца Украіне. Дык чаго сёння вы крыўдуеце, што Трамп вас не запрашае? Навошта вы патрэбны? Вы ж ужо адзін раз паспрабавалі. Амерыка тады не ўмешвалася, хоць я гаварыў: без Амерыкі міру не будзе, трэба падключыць Амерыку. Яны не падключалі. Яны самі вырашылі ўсталяваць мір. Правалілі. Свядома гэта зрабілі. Падманулі Расію. Таму Трамп цалкам мае рацыю, калі Амерыка ўзялася за гэта адна і спрабуе рушыць наперад справу па мірным пагадненні. Думаю, што гэта шчыра".

Хоць Аляксандр Лукашэнка не выключыў, што для ЗША ў цэлым выгадна, калі еўрапейцы выступаюць на публіцы ў ролі "ястрабаў". Гэта дае Трампу магчымасць паказваць Уладзіміру Пуціну і іншым, на якія цяжкасці яму даводзіцца ісці: ён змагаецца не толькі за мір і збліжэнне пазіцый Украіны і Расіі, але і пераадольвае супраціўленне еўрапейцаў.

Кіраўнік дзяржавы пераканы, што многае будзе залежаць ад таго, наколькі Украіна зразумее рэальны стан спраў: "Усё ж трэба зыходзіць з рэальнага, каб не страціць большага, каб не страціць усю Украіну".

Цяпер, паводле яго слоў, робяцца пэўныя крокі для дасягнення міру, і, зразумела, хацелася б гэты працэс паскорыць. Але так атрымліваецца далёка не заўсёды. "Тут патрэбны час. Спакойна, для таго каб разабрацца і хаця б спыніць стральбу адзін у аднаго, перастаць наносіць удары па паветры. Вось спыняцца ваенныя на лініі сутыкнення, на фронце, перастануць страляць адзін у аднаго, не будуць гінуць людзі, як гэта цяпер адбываецца, тады можна гаварыць і пра мір, і пра пасляваеннае ўладкаванне, і пра рэдказямельныя металы - пра што хочаце можна гаварыць, на гэта будзе час. Але лепш, вядома, мір заключыць, калі атрымаецца", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі