8 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымаў ініцыятыву аб узаемным адкрыцці пасольстваў Беларусі і Ганы. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў журналістам па выніках перагавораў у Мінску з Прэзідэнтам Ганы Джонам Драмані Махамам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Прэзідэнт (Ганы. - Заўвага БЕЛТА) на перагаворах узняў пытанне аб адкрыцці пасольстваў дзвюх краін. Мы падтрымліваем такую ініцыятыву, але вельмі хацелі б, каб наш сумесны міжурадавы камітэт (па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. - Заўвага БЕЛТА) пачаў сваю работу. Каб у развіццё гэтай работы адпаведная работа была і пасольствам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Як паведамлялася БЕЛТА, Беларусь і Гана заключылі пагадненне аб стварэнні сумеснага камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Адпаведны дакумент падпісаны ў прысутнасці лідараў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Джона Драмані Махамы пасля завяршэння афіцыйных перагавораў, якія прайшлі ў Мінску.
Камітэт зоймецца каардынацыяй намаганняў бакоў па нарошчванні гандлёвых сувязей і эканамічнай кааперацыі. "Прапаную не зацягваючы правесці першае пасяджэнне камітэта, каб ажыццявіць усе дамоўленасці па выніках вашага візіту. Мы павінны мець канкрэтны план сумесных дзеянняў па развіцці гандлю паміж нашымі краінамі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка на перагаворах.


