Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

19 Oct 2018

Лукашэнка пачаў наведванне Гродзенскай вобласці з абмеркавання сітуацыі ў сельскай гаспадарцы

Лукашэнка пачаў наведванне Гродзенскай вобласці з абмеркавання сітуацыі ў сельскай гаспадарцы

19 кастрычніка, Гродзенскі раён /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пачаў наведванне Гродзенскай вобласці з абмеркавання сітуацыі ў сельскай гаспадарцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пасля прылёту ў Гродзенскі раён кіраўнік дзяржавы адразу пацікавіўся ў мясцовых чыноўнікаў аб праблемных пытаннях у сельскай гаспадарцы. Губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Краўцоў у цэлым ахарактарызаваў сітуацыю, акцэнтаваўшы ўвагу на недаборы збожжа. Неспрыяльныя кліматычныя ўмовы ў маі і чэрвені адмоўна паўплывалі на вытворчасць раслінаводчай прадукцыі. Ураджаю збожжавых сабрана менш у параўнанні з мінулым годам: пры плане 1,5 млн т атрымалі 1,15 млн т збожжа разам з кукурузай.

Як адзначыў губернатар, недабор фуражнага збожжа можа прывесці да праблем з забеспячэннем кармавой базы ў жывёлагадоўлі, таму пытанне патрабуе неадкладнага вырашэння.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Трэба паглядзець, што ў нас у рэзерве, рэзервы ў краіне добрыя, і, можа, пазычыць гродзенцам, каб ім не давялося траціць грошы, купляючы гэта збожжа. У будучым яны кампенсуюць гэты доўг". Кіраўнік дзяржавы лічыць, што неабходна ўважліва паглядзець на гэту сітуацыю і дасканала ўсё разлічыць.

Пытанні беражлівага падыходу да гаспадарання ва ўсіх сферах былі ў цэнтры ўвагі ў час наведвання Прэзідэнтам агратурыстычнага комплексу "Гарадзенскі маёнтак "Каробчыцы" Гродзенскага мясакамбіната. У прыватнасці, размова ішла аб тым, што неабходна развіваць населеныя пункты ў сельскай мясцовасці, знаходзіць сферы для іх выкарыстання, у тым ліку ў галіне агратурызму.

"Глядзіце па-гаспадарску на ўсе пытанні і не замахвайцеся на землі, дзе гродзенцы ўмеюць гаспадарыць", - папярэдзіў чыноўнікаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з інфраструктурай агракомплексу, які ў выхадныя дні наведваюць да 2 тыс. чалавек, у тым ліку іншаземцы. Прэзідэнт паглядзеў, як працуюць разьбяры па дрэве, і сам далучыўся да гэтага творчага занятку.

Кіраўніцтва Гродзенскай вобласці праінфармавала Аляксандра Лукашэнку аб перспектывах сацыяльна-эканамічнага і горадабудаўнічага развіцця Гродна, у тым ліку мадэрнізацыі інфраструктуры: дарог, мастоў, транспартных развязак. Новаўвядзенні прызначаны зрабіць горад яшчэ больш прыгожым і сучасным.

Гродзенскі мясакамбінат, якому належыць агракомплекс, акрамя асноўнай вытворчай дзейнасці, займаецца развіццём агратурызму, стварае ўмовы для актыўнага адпачынку. У 2001 годзе за 5 км ад абласнога цэнтра пачалі будаваць агратурыстычны комплекс "Гарадзенскi маёнтак "Каробчыцы", стылізаваны пад сядзібу XIX стагоддзя. Першых наведвальнікаў тут прынялі ў маі 2005 года. Комплекс уяўляе сабой музей пад адкрытым небам на тэрыторыі больш як 50 га. На яго тэрыторыі размешчаны кузня, канюшня, невялікі заапарк, дзіцячыя пляцоўкі, кафэ, а таксама рэстаран "Замак Зяваны", які ў 2011 годзе стаў пераможцам рэспубліканскага конкурсу кулінарнага майстэрства і сэрвісу.

У мінулым годзе тут закладзены дэндрапарк, дзе плануецца высадзіць звыш 400 відаў дрэў, кустоў, раслін, што растуць у Беларусі. Гонарам агратурыстычнага комплексу стаў конна-спартыўны клуб "Амадэус". У канюшні каштоўнае элітнае племянное пагалоўе розных парод коней, некаторыя - адзіныя ў Беларусі.

Штогод на тэрыторыі комплексу праводзяцца мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня Перамогі, Дня абароны дзяцей, а таксама калядныя кірмашы і Масленіца. Традыцыйным стала штогадовае правядзенне міжнароднага пленэру разьбяроў па дрэве. У комплексе створаны ўсе ўмовы як для адпачынку, так і для афіцыйных перагаворных мерапрыемстваў. У прыватнасці, у 2015 годзе тут праходзіла нефармальная частка сустрэчы кіраўнікоў урадаў краін - членаў ЕАЭС.

У 2011 годзе ў межах агракомплексу размясціўся новы турыстычны аб'ект - гісторыка-культурны комплекс "Гродзенская крэпасць - Партызанскі лагер", створаны паводле ўспамінаў ветэранаў і пры дапамозе прафесійных музейных работнікаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі