Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

7 Dec 2015

Лукашэнка: Інфляцыю ўдалося скараціць, але гэтага недастаткова

7 снежня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Інфляцыю ўдалося скараціць, але гэтага недастаткова, заявіў сёння Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2016 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Інфляцыю ўдалося скараціць, але гэтага недастаткова. Трэба больш энергічна яе зніжаць - выходзіць на адназначныя паказчыкі. Тады і будуць макраэканамічная стабільнасць і ўмовы для змяншэння працэнтных ставак па крэдытах", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на сённяшняй нарадзе трэба будзе абмеркаваць важнейшыя пытанні дзяржаўнай эканамічнай палітыкі прынамсі на бліжэйшы год. "Усіх, вядома ж, хвалюе пытанне - што будзе далей, якім шляхам будзем ісці. Хацелася б пачуць ад урада і адпаведных службовых асоб, што прапануецца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Зразумела, час мяняецца, і да гэтага часу трэба, перш за ўсё, прыстасоўвацца. Трэба прыстасоўвацца, але не цягнуцца ў хвасце падзей, а імкнуцца да таго, каб гэтыя падзеі, наколькі гэта магчыма, зрабіць карыснымі для нашай краіны і нашага народа, прымаючы адэкватныя меры і выстаўляючы ідэі для падрыхтоўкі рэальных планаў. А для гэтага трэба мабілізоўваць існуючыя сілы і рэсурсы".

Разам з тым Прэзідэнт заўважыў, што, перш чым планаваць будучы год, неабходна прааналізаваць бягучую сітуацыю і ацаніць базу, ад якой адштурхоўвацца, з чаго зыходзіць, будуючы планы і дзеянні ў наступным годзе.

"Паслухаем урад - што маем да гэтага часу ў эканоміцы, якія меры прыняты для вырашэння праблем, што атрымалася, а што не дае вынікаў. І галоўнае - рэакцыю на дадзенае мною даручэнне, прынамсі, у IV квартале мінулага года", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ўрад дакладвае: у цэлым стабільнасць захавана, у поўным аб'ёме і ў тэрмін краіна разлічваецца па ўсіх дзяржаўных абавязацельствах і валютных даўгах. "Гэта добра, але самае галоўнае - каб у будучым не залязаць у даўгі, трэба каб развівалася эканоміка", - перакананы Прэзідэнт.

Аднак кіраўнік дзяржавы канстатаваў: "Сітуацыя на многіх прамысловых прадпрыемствах застаецца складанай, калі не сказаць горш". Намецілася адмоўная дынаміка ў сельскай гаспадарцы і гандлі, не дабірае будаўнічая галіна, скарачаецца экспарт, знізіліся інвестыцыі, адзначыў ён.

Як лічыць Прэзідэнт, вядома ж, негатыўную ролю тут адыгрываюць знешнія фактары, аднак не варта ўсё спісваць толькі на іх. "Ёсць нямала ўнутраных рэзерваў, якія слаба выкарыстоўваюцца як у зніжэнні сабекошту прадукцыі, укараненні новых тэхналогій, так і ў кіраванні прадпрыемствамі, - выказаў меркаванне Аляксандр Лукашэнка. - Я сказаў бы так: калі на эканоміку ўплываюць знешнія фактары ў памеры 100 працэнтаў, то як мінімум 30 працэнтаў - гэта наша".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі