28 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Размяшчэнне ў Беларусі ракетнага комплексу "Арэшнік" з'яўляецца мерай у адказ на эскалацыю сітуацыі ў рэгіёне і сучасныя пагрозы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на III Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Размяшчэнне гэтай зброі ў Беларусі не што іншае, як мера ў адказ на эскалацыю сітуацыі ў рэгіёне і сучасныя пагрозы. Калі ласка, давайце ад гэтага адыдзем, і размовы пра "Арэшнік" спыняцца. Але не хочуць. Мы нікому не пагражаем, толькі забяспечваем сваю бяспеку. Больш таго, заўсёды адкрыты да канструктыўнага дыялогу і ўзаемных крокаў па зніжэнні напружанасці. Калі нашы партнёры на Захадзе да гэтага гатовы, ні мы, ні Расія ў даўгу не застанёмся!" - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што размяшчэнне ў Беларусі ракетнага комплексу сярэдняй далёкасці "Арэшнік" - гэта пытанне, якое бударажыць асобных ашалелых палітыкаў. "Ніякай агрэсіўнасці!" - запэўніў ён.


У пацвярджэнне сваіх слоў Аляксандр Лукашэнка прывёў гістарычныя факты. У 1987 годзе СССР і ЗША пасля доўгіх перагавораў падпісалі Дагавор аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці. Гэты дакумент стаў важнейшым элементам сістэмы па прадухіленні ўзаемнага знішчэння двух на той момант проціборствуючых блокаў. Аднак у 2019 годзе ЗША з яго выйшлі. "Быў зроблены трагічны крок назад", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт нагадаў, што шэсць гадоў таму прапаноўваў распрацаваць шматбаковую палітычную дэкларацыю аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе і зрабіць яе адкрытай для далучэння ўсіх зацікаўленых дзяржаў. "На жаль, прапанову Беларусі проста не захацелі пачуць, - сказаў ён. - Шэраг еўрапейскіх краін ужо заявілі аб намеры разгарнуць у сябе ракетныя комплексы сярэдняй далёкасці. Ну чаго нас папракаць? А гэта - адзін з самых небяспечных відаў узбраенняў! Падлётны час - хвіліны. У выпадку памылкі або правакацыі часу разбірацца проста не будзе", - канстатаваў беларускі лідар.