30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абнавіў кіраўніцтва беларускіх дыпламатычных місій у шэрагу дзяржаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Яўген Сабалеўскі назначаны Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Егіпце і па сумяшчальніцтве ў Алжыры, Амане, пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Лізе арабскіх дзяржаў.
Дзмітрый Красоўскі будзе кіраваць беларускай дыпмісіяй у Кеніі. Ён таксама назначаны па сумяшчальніцтве пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Афрыканскім саюзе, Праграме ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП) і Праграме ААН па населеных пунктах (ААН-Хабітат).
Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Венесуэле стаў Дзмітрый Дзеравінскі. А пасол Беларусі ў ААЭ і па сумяшчальніцтве ў Кувейце Ігар Белы таксама назначаны па сумяшчальніцтве паслом у Бахрэйне.
Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы даў згоду на назначэнне Яўгеніі Барткевіч генеральным консулам Беларусі ў Стамбуле (Турцыя).
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсе назначаныя дыпламаты - людзі вопытныя, якія не адзін год прапрацавалі ў МЗС. "Краіны, у якія вы накіроўваецеся, розныя, але вельмі важныя для нас, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Адзінае, што хачу сказаць, вы там не засядзіцеся. Майце на ўвазе, таму што гандаль, тавараабарот - гэта таксама ваша пытанне. Гэта не тое, што раней - беленькія манжэты, каўнерык беленькі, пайшоў на прыём, нешта паслухаў, сюды нешта там напісаў. Першая ваша задача - гэта тавараабарот. Трэба рухацца".
Аляксандр Лукашэнка сказаў, што неабходна актыўна асвойваць і пашыраць новыя рынкі ў краінах Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі. Пра цікавасць да Беларусі сведчаць у тым ліку нядаўнія візіты ў Беларусь Прэзідэнта Кубы і саветніка супрэзідэнтаў Нікарагуа па пытаннях інвестыцый, гандлю і міжнароднага супрацоўніцтва.
"Таму ўсё залежыць ад нашай палітыкі. Я жадаю вам поспехаў. Дзейнічайце. Не чакайце, што прыедуць, раскажуць вам, пакажуць. Калі нешта ёсць слушнае - прапаноўвайце, будзем дзейнічаць, будзем вам дапамагаць. Але памятайце: гандаль - перш за ўсё", - даў наказ беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь з Кеніяй устанавіла адносіны, але пакуль "асаблівага руху няма". "У мяне добрыя адносіны з Прэзідэнтам Кеніі. Я думаю, ён яшчэ прыедзе да нас", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што Кенія - гэта велізарная краіна з насельніцтвам звыш 50 млн чалавек, а таму там будуць запатрабаваны беларускія прадукты харчавання. Размова не толькі аб магчымасцях паставак сухога малака або мясных кансерваў - Беларусь гатова дапамагчы гэтай афрыканскай краіне з развіццём усёй галіны АПК. "Там трэба дапамагчы ім арганізаваць работу. А работа - гэта перш за ўсё сельгасмашынабудаванне. І кадры - трэба навучыць людзей працаваць, дапамагчы ім. Можа, тыпавую гаспадарку арганізаваць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Па гэтым шляху наша краіна ўжо ідзе ў развіцці супрацоўніцтва з іншымі краінамі Афрыкі. Напрыклад, Прэзідэнт згадаў, што Нігерыя нядаўна закупіла ў Беларусі каля 2 тыс. трактароў: "Гэта добрыя аб'ёмы. Але, майце на ўвазе, 2 тыс. купілі, - заўтра яшчэ купяць, калі зарэкамендуеце сябе добра. Ну і трэба абслугоўваць. Гэта і запчасткі, і іншае-іншае".
"А кажуць, што ў нас праблема, мы чагосьці не можам. Мы ўсё можам! Таму трэба ісці на новыя рынкі. У нас ёсць з чым ісці. Таму трэба працаваць у гэтым плане, - падкрэсліў беларускі лідар. - Вазьміце той жа Егіпет. Там таксама гэта патрэбна. Хоць гэта іншая краіна, зусім іншая. Гэта вароты ў Афрыку, гэта аўтарытэтная краіна для арабскага свету. Вельмі аўтарытэтная".
"Або Венесуэла. Многае мы хацелі там зрабіць, але нешта атрымалася, нешта - не. Але трэба развівацца, трэба рабіць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.