18 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў забараніць паездкі за мяжу дзіцячых груп без дзяржаўнага нагляду і дазволу. Аб гэтым ён заявіў, каменціруючы атаку дрона на аўтобус з беларускімі грамадзянамі, у тым ліку дзецьмі, у Бранскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я не хачу тут нікога асуджаць, але папрасіць нашых людзей, і асабліва бацькоў, калі мы маем справу з дзецьмі: трэба пасядзець дома гэты час. Трэба займацца футболам і іншымі мерапрыемствамі тут. Тут больш камфортна ў ціхай, спакойнай краіне. І трэба забараніць усялякія паездкі без дзяржаўнага на тое нагляду і дазволу", - заявіў беларускі лідар.
У сувязі з тым, што адбылося, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на шэраг аспектаў, згадаўшы пра мэту паездкі ў Геленджык групы беларускіх дзяцей.
"Хачу звярнуць увагу на сам факт: бацькі, а яны гэта не адмаўляюць, якія арганізавалі гэту паездку ці то на адпачынак, ці то для таго, каб трэніраваць людзей гуляць у футбол у Геленджыку. Слухайце, у нас што, не хапае зямлі для таго, каб у футбол гуляць? У нас палёў не хапае для таго, каб па-чалавечы нармальна і дзецям, і дарослым камандам займацца футболам? Хапае", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Для праезду да месца прызначэння бацькі звярнуліся да прыватнай кампаніі, нанялі аўтобус. "Не хачу тут асуджаць і гэту прыватную кампанію. Яны працавалі законна - індывідуальныя прадпрымальнікі. Знялі аўтобус, паехалі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - А цяпер некаторыя прэтэнзіі прад'яўляюць. Не трэба нам прад'яўляць прэтэнзіі. Трэба дарослым людзям, нам, і, перш за ўсё, бацькам больш акуратна да гэтага ставіцца".
