Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

11 Jul 2017

Лукашэнка даручыў ураду правесці экспартную рэвізію па ўсіх галінах

11 ліпеня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Урад павінен правесці экспартную рэвізію па ўсіх галінах. Адпаведную задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў сёння на нарадзе па прыярытэтах знешняй палітыкі Беларусі на сучасным этапе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Урад павінен правесці экспартную рэвізію па ўсіх галінах. Вызначыць, хто вырабляе тавар, запатрабаваны ў свеце, а хто бяздарна працуе на павелічэнне складскіх запасаў. Гэта ключ да абнаўлення нашых вытворчасцей, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мадэрнізаваць, весці сюды замежных інвестараў трэба з улікам заўтрашняга дня, а не праводзіць мадэрнізацыю, якая старэе, не паспеўшы завяршыцца. І інвестары будуць укладваць грошы толькі ў перспектыўныя вытворчасці".

Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна распрацаваць новую стратэгію экспарту, заснаваную на паляпшэнні яго якаснай структуры. "Не справа, калі па-ранейшаму больш за 80 працэнтаў нашага экспарту ў Еўропу складаюць сыравіна і паўфабрыкаты, - сказаў ён. - Трэба імкнуцца да стварэння сумесных вытворчасцей з удзелам заходняга капіталу. Укараняць перадавыя тэхналогіі і вопыт. Уводзіць нашых экспарцёраў у міжнародныя вытворчыя ланцужкі вядомых еўрапейскіх і сусветных карпарацый".

Складнікам беларускай экспартнай палітыкі, на думку кіраўніка дзяржавы, павінны стаць зніжэнне матэрыяла- і энергаёмістасці вытворчасці, павышэнне прадукцыйнасці працы. І, вядома, становяцца ўсё больш важнымі інавацыйнасць і высокая тэхналагічнасць прадукцыі.

"Неабходна развівацца не ў напрамку "што мы можам вырабіць сёння", а ў напрамку "што мы можам вырабіць з таго, што будзе запатрабавана заўтра". Гэта больш чым актуальная праблема для прамысловасці, якая складае аснову нашай эканомікі. І не толькі для прамысловасці, але і нашых вучоных. Аб гэтым восенню пагаворым на вялікім з'ездзе вучоных, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Нельга дапусціць адставанне краіны ў тэхнічным і тэхналагічным плане ад нашых гандлёвых партнёраў і развітых эканомік у цэлым. Мы павінны стварыць не толькі ІТ-парк, але і ІТ-краіну - аб гэтым не раз ужо было сказана".

Кіраўнік дзяржавы даручыў паслам разам з Мінэканомікі, Мінпрамам і іншымі арганізацыямі больш энергічна прыцягваць інвестараў, якія валодаюць самымі перадавымі тэхналогіямі. "Патрабуецца новае заканадаўства? Уносьце прапановы", - дадаў ён.

"Разуменне ўсімі звёнамі нашага дзяржаўнага апарату і бізнесу неабходнасці актыўнай экспартнай палітыкі дае магчымасць стварыць новыя міжведамасныя механізмы супрацоўніцтва, - сказаў Прэзідэнт. - На сённяшні дзень мы паспяхова апрабавалі схему работы з замацаванымі службовымі асобамі. Мы стварылі гэту форму ўзаемадзеяння два гады таму. Вынікі куратарства, трэба сказаць, розныя. Тым не менш чаканы эфект ёсць".

Цяпер 35 замацаваных службовых асоб адказваюць за 79 краін. "Галоўнае, каб дасягаліся даведзеныя экспартныя паказчыкі росту па напрамках, якія курыруюцца. Гэта ваш прамы абавязак, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Кіраўнікоў загранустаноў таксама хачу настойліва заклікаць да цеснага ўзаемадзеяння з замацаванымі службовымі асобамі. Тым больш што многія з іх узначальваюць эканамічныя міжурадавыя камісіі. Хачу яшчэ раз нагадаць: знешнеэканамічная, асабліва экспартная, дзейнасць з'яўляецца абсалютным прыярытэтам у рабоце пасольстваў і МЗС".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі