Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

5 Ліс 2020

Лукашэнка даручыў арганізаваць рэгіянальныя штабы па рэагаванні на сітуацыю з COVID-19

Лукашэнка даручыў арганізаваць рэгіянальныя штабы па рэагаванні на сітуацыю з COVID-19
Фота з архiва

5 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў арганізаваць рэгіянальныя штабы па рэагаванні на сітуацыю з COVID-19. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе аб прымаемых мерах  процідзеяння распаўсюджванню вірусных інфекцый, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У перыяд вясенняй хвалі каранавіруса мы зрабілі стаўку на мясцовыя ўлады як на апорныя цэнтры прыняцця аператыўных рашэнняў. І гэта практыка даказала сваю эфектыўнасць. Сёння складваецца падобная сітуацыя. Таму нам варта на працягу аднаго-двух дзён арганізаваць рэгіянальныя штабы", - сказаў кіраўнік дзяржавы .

Паводле яго слоў, персанальную адказнасць за работу гэтых рэгіянальных штабоў і вынікі павінны несці губернатары і памочнікі Прэзідэнта. Дапамагаць ім будуць лепшыя ўрачы-інфекцыяністы, прадстаўнікі медыцынскай навукі, іншыя спецыялісты.

Аляксандр Лукашэнка пералічыў, хто будзе адказваць за кожны з рэгіёнаў.

За Брэсцкую і Гродзенскую вобласці адказвае старшыня Гродзенскага аблвыканкама і былы міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. "Пракантралюйце Брэсцкую вобласць сур'ёзна. Расстаўце людзей, як мы некалі з вамі гэта рабілі. Не толькі ў Гродзенскай вобласці, але і ў Брэсцкай. І паспрабуйце адзін-два разы на тыдзень наведвацца ў Брэсцкую вобласць, пакуль там не наладзіцца сістэма, пакуль не зразумееце, што там і без вас могуць абысціся, - даручыў беларускі лідар. - Анатоль (старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс. - Заўвага БЕЛТА), прымай як належнае. Гэта самы дасведчаны чалавек у краіне ў гэтым плане. Перашкаджаць ён вам не будзе, але запатрабаваць ён зможа з любога там. Пытанне сур'ёзнае. Таму ніякага неўспрымання быць не павінна".

"Яму (Уладзіміру Караніку. - Заўвага БЕЛТА) у дапамогу Карпіцкі Аляксандр Сяргеевіч і Краткова Алена Мікалаеўна (галоўны ўрач Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы і рэктар Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. - Заўвага БЕЛТА)", - дадаў Прэзідэнт.

"У Віцебскай вобласці - Шчасны, Сямёнаў, Кавалёва (рэктар Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Анатоль Шчасны, загадчык кафедры інфекцыйных хвароб гэтага ўніверсітэта Валерый Сямёнаў і галоўны ўрач Віцебскай абласной клінічнай інфекцыйнай бальніцы Таццяна Кавалёва. - Заўвага БЕЛТА), - пералічыў кіраўнік дзяржавы. - Вы на месцы, вы вялікія спецыялісты, вы ведаеце, як рабіць. Трэба дапамагчы Мікалаю Шарснёву (губернатар Віцебскай вобласці. - Заўвага БЕЛТА) арганізаваць увесь працэс".

У Гомельскай вобласці - рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Стома. "Вы вельмі шмат працавалі вясной і летам у частцы ліквідацыі гэтых негатыўных наступстваў, звязаных з кавідам. Арганізуйце разам з губернатарам спецыялістаў, прыцягвайце, каго вы лічыце патрэбным, сістэмна арганізуйце работу ў Гомельскай вобласці. Лепшага спецыяліста, чым вы, там, на месцы, у нас няма", - сказаў Прэзідэнт.

У Магілёўскай - член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, доктар медыцынскіх навук, прафесар, заслужаны ўрач Беларусі Алег Суконка і намеснік галоўнага ўрача Магілёўскай інфекцыйнай бальніцы нумар 1 Ірына Бас.

"Мінская вобласць: Косінец (памочнік Прэзідэнта і ўрач па адукацыі Аляксандр Косінец. - Заўвага БЕЛТА), Тарасенка, Данілаў (адпаведна, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач - намеснік міністра аховы здароўя Аляксандр Тарасенка і Дзмітрый Данілаў - прафесар кафедры інфекцыйных хвароб БДМУ. - Заўвага БЕЛТА). Вы ведаеце, што рабіць. У дапамогу - Абельская (галоўны ўрач Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва  справамі Прэзідэнта Ірына Абельская. - Заўвага БЕЛТА).

У сваю чаргу, за Мінск адказваюць старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталля Качанава і выконваючы абавязкі міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.

Групу экспертаў, якія будуць кансультаваць усе рэгіёны, сфарміруе і ўзначаліць загадчык кафедры інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігар Карпаў, які мае ганаровае званне "Народны ўрач Беларусі".

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі