Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

3 Жнв 2017

Лукашэнка: Да 1 кастрычніка павінен быць абноўлены дэкрэт нумар 3

3 жніўня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Да першага кастрычніка павінен быць абноўлены дэкрэт нумар 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства". Такую задачу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў сёння, заслухоўваючы даклад аб дэмаграфічнай сітуацыі і садзейнічанні занятасці насельніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Як мне далажылі, ужо завершана падрыхтоўка новай рэдакцыі дэкрэта нумар 3. Я хацеў бы грунтоўнага дакладу на гэту тэму, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Да першага кастрычніка мы павінны мець гэты дакумент".

Прэзідэнт падкрэсліў, што праблему непрацуючых і нежадаючых працаваць утойваць нельга. "Грамадства павінна ведаць, што ніякай адмены дэкрэта нумар 3 быць не можа. Я ўжо матываваў гэта пытанне: як мінімум паўмільёна ў нас непрацуючых людзей. З іх 200 тыс. мы можам вызваліць: шматдзетных, хворых, інвалідаў, людзей, якія, можа, і хочуць працаваць, але ў іх не атрымліваецца з-за жыццёвых абставін. Але 300 тыс. дзе? Таму дэкрэт нумар 3 - гэта 300 тыс. тых, хто павінен працаваць, але не працуе. І мы іх павінны прымусіць працаваць. Вось і ўся ідэалогія. Утойваць тут ад народа нічога не трэба", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца новай рэдакцыі дакумента, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што аб сваіх перавагах і канцэптуальных думках на гэту тэму ён ужо не раз выказваўся. "Яшчэ раз паўтаруся: мясцовыя органы ўлады, якія непасрэдна кантралююць рынак працы і бачаць кожнага чалавека, і выканаўчыя органы ўлады на месцах павінны мець усе паўнамоцтвы і рычагі ўздзеяння на гэтых людзей для вырашэння такой праблемы. Вось, што мы павінны зрабіць і прапісаць у новай рэдакцыі дэкрэта, - лічыць Прэзідэнт. - Я спадзяюся, што акрамя ўрада гэтым пытаннем сур'ёзна зоймуцца дэпутаты. Гэта іх хлеб. Устараняцца ад гэтай праблемы дэпутату нельга".

Кожны, хто хоча працаваць, павінен мець такую магчымасць, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. Таму органам улады трэба аказваць дапамогу ўсім, хто ў гэтым мае патрэбу. Актыўна наладжваць перанавучанне грамадзян, садзейнічаць ім у арганізацыі сваёй справы. "На гэту тэму вельмі шмат разважанняў у нашым грамадстве. Таму я хацеў бы расставіць усе кропкі над "і" - камусьці спадабаецца гэта, камусьці не. Яшчэ раз падкрэсліваю: кожны, хто хоча працаваць, павінен мець работу, і ён у нашай краіне яе мае. І не трэба вакол гэтага нагнятаць нейкія мудрагелістыя працэсы і пакутаваць, што нам вось трэба некага перавучваць, таму што многія хочуць працаваць, але не працуюць. Тыя, хто хоча працаваць, у нас працуюць", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым, дадаў Прэзідэнт, ёсць і тая катэгорыя насельніцтва, хто зусім не жадае працаваць. "Вось гэтых спадароў трэба прымусіць. Яны не хочуць працаваць. Пакуль толькі размовы аб жаданні працаваць. Таму больш за ўсё трэба акцэнтаваць увагу на тых, хто сёння не працуе і працаваць не хоча, але павінен", - упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што да кастрычніка неабходна падрыхтаваць і шэраг іншых прынцыповых дакументаў, у тым ліку па развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і аблягчэнні ўмоў вядзення бізнесу.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі