25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі, Старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка на пасяджэнні Прэзідыума Усебеларускага народнага сходу 25 лістапада арыентаваў дэлегатаў УНС на актыўнае абмеркаванне праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступную пяцігодку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На пасяджэнні Прэзідыума УНС абмяркоўваўся парадак дня маючага адбыцца Усебеларускага народнага сходу. УНС трэба будзе зацвердзіць праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку. Ключавыя яе палажэнні абмяркоўваліся на нядаўняй нарадзе кіраўніка дзяржавы з урадам і рабочай групай з ліку профільных спецыялістаў.
Намеснік старшыні УНС сёмага склікання Аляксандр Косінец адзначыў, што кожны дэлегат мае права ўнесці заўвагі ці прапановы. Затым усё гэта будзе накіравана ў Сакратарыят УНС. Прапановы па дапрацоўцы праграмы будуць улічаны да 5 снежня, а 8 снежня яна будзе прадстаўлена Старшыні УНС. Аляксандр Косінец таксама адзначыў, што патрэбны рэалістычны, канкрэтны, зразумелы кожнаму беларусу дакумент.


"Давайце дамовімся, што сапраўды ўсе дэлегаты павінны быць уключаны, якую б пасаду яны там ні займалі. Яны вялікія вучоныя ці яны рабочыя і сяляне - яны павінны ў меру сваёй магчымасці, адукаванасці і гэтак далей разумець, пра што ідзе размова. І калі трэба, калі яны хочуць, яны гатовы выступіць - мы нікому не павінны забараняць выступаць", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Усебеларускі народны сход фарміруецца ў тым ліку з членаў парламента, прафсаюзаў, грамадскіх арганізацый. Ён адзначыў, што такім дэлегатам таксама варта было б выступіць на УНС, папярэдне абмеркаваўшы гэту праграму. "Не толькі Брэсцкая, Магілёўская, як звычайна, вобласці. Прыйшлі, выступілі - зразумела, рэгіянальны прынцып. Але мы ж УНС не па рэгіянальным прынцыпе фарміравалі. Таму трэба падумаць аб гэтым, каб людзі былі гатовы выступіць і сказаць", - дадаў кіраўнік дзяржавы.
Такім чынам, лічыць Прэзідэнт, на УНС будзе прадстаўлены новы погляд з пункту гледжання цэнтраў фарміравання УНС. "Людзі павінны выступаць. Гэта ж сур'ёзны форум, гэта ж застанецца ў гісторыі не толькі краіны, але і кожнага чалавека", - падкрэсліў ён.