30 ліпеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы Брэст з рабочай паездкай, выказаўся аб патрабаваннях да будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў і жылля, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы заслухаў даклад старшыні Брэсцкага аблвыканкама Пятра Пархомчыка аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна. Прэзідэнту было дэталёва даложана аб стане сельскай гаспадаркі, прамысловасці, знешнеэканамічнай, інвестыцыйнай дзейнасці, турызму.
Асобна Прэзідэнт выказаўся аб развіцці сацыяльнай інфраструктуры. Перш за ўсё кіраўнік дзяржавы адзначыў, што трэба прытрымлівацца разумнага падыходу і будаваць такія аб'екты без празмернасцей. У першую чаргу яны павінны быць функцыянальнымі і зручнымі для людзей. Адзін з прыкладаў - Рэспубліканскі адукацыйна-аздараўленчы цэнтр патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі, які будуецца на тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. Цяпер завершаны два этапы будаўніцтва, а трэці будзе скончаны ў наступным годзе.

"Ніякіх палацаў быць не павінна", - заявіў ён. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў будаўніцтве гэтага аб'екта трэба аказаць дапамогу кіраўніцтву мясцовых органаў улады. "Ідэя добрая. Тое, што мы абяцалі, мы абавязкова дапаможам", - запэўніў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка абазначыў яшчэ адно патрабаванне: пры будаўніцтве ні ў якім разе не трэба закранаць сельскагаспадарчыя і лясныя землі. "На землі сельгаспрызначэння і лясныя ўгоддзі - ні кроку. Хапае зямель - там будуйце жыллё", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
"І старайцеся будаваць сваімі трэстамі. У нас, асабліва ў Брэсцкай вобласці, магутныя будаўнічыя трэсты. Няхай бяруць зямлю і будуюць жыллё. І прыватныя кампаніі, якія працуюць як трэсты", - канстатаваў ён.