Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

13 Снж 2019

Лукашэнка адказаў на пытанне пра дэфіцыт медыкаў у Беларусі і расказаў, як рыхтаваць спецыялістаў

Лукашэнка адказаў на пытанне пра дэфіцыт медыкаў у Беларусі і расказаў, як рыхтаваць спецыялістаў

13 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрствам неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на фарміраванне колькасці месцаў для навучання па патрэбных спецыяльнасцях і прымаць рашэнне з улікам патрэбнасці кожнага рэгіёна. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі медыцынскіх універсітэтаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Я неаднаразова чую пытанне пра дэфіцыт медыцынскіх кадраў у краіне. У свой час, пры іх празмернай колькасці, практычна на трэць былі скарочаны наборы ў медыцынскія ўніверсітэты. Адпаведна зменшыліся і выпускі. Сёння набор у гэтыя ВНУ павялічаны на 200 бюджэтных месцаў, дасягнуты максімальны працэнт паступлення на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Але і ў далейшым, падкрэсліў Прэзідэнт, профільным міністэрствам неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на фарміраванне колькасці месцаў для навучання па патрэбных спецыяльнасцях і прымаць рашэнне з улікам патрэбнасці і перспектыўнага плана развіцця кожнага рэгіёна. "І не забываць пра іншаземных грамадзян, яны хочуць у нас навучацца, - дадаў ён. - Іх дзяржавы плацяць вялізныя грошы за вучобу ў нас".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, сістэма медыцынскай адукацыі, што склалася ў Беларусі, - гэта сплаў багатых традыцый, навуковай асновы і вялізнага практычнага вопыту. Індывідуальны падыход да кожнага студэнта, высокі ўзровень выкладання, у тым ліку на замежных мовах, забяспечваюць дастойны міжнародны рэйтынг айчынных медыцынскіх універсітэтаў. Сёння ў гэтых ВНУ навучаюцца больш за 20 тыс. студэнтаў, з іх больш за 4 тыс. - грамадзяне з 71 краіны свету. "Аб'ём экспарту адукацыйных паслуг сістэмы Міністэрства аховы здароўя з году ў год расце і цяпер складае трэць ад усіх адукацыйных паслуг па краіне, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Аднак мы не павінны самазаспакойвацца і спачываць на лаўрах. Трэба развівацца".

Адной з асноўных праблем, пра якую гавораць і выпускнікі-медыкі, кіраўнік дзяржавы назваў высокі ўзровень тэарэтычнай падрыхтоўкі і недастатковае валоданне практычнымі навыкамі будучай прафесіі. "Я глыбока перакананы: каб падрыхтаваць дасведчанага ўрача-спецыяліста, неабходна камбінаваць класічныя выкладчыцкія методыкі і перадавыя тэхналогіі навучання", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што за апошнія гады праведзена мадэрнізацыя сістэмы медыцынскай адукацыі. Створана сістэма практыка-арыентаванага навучання. "Мы асвоілі новыя адукацыйныя і інфармацыйныя тэхналогіі: электронны журнал, які дае магчымасць выкладчыку і бацькам кантраляваць работу студэнта, сучасныя імітатары пацыентаў, камп'ютарныя праграмы і трэнажоры, з дапамогай якіх можна адпрацаваць неабходныя ўрачу навыкі, - і ўсё гэта без рызыкі для жыцця канкрэтнага хворага. Такія трэнажоры-сімулятары дапамагаюць не толькі студэнтам, але і маладым практыкуючым спецыялістам хутчэй павысіць кваліфікацыю", - сказаў кіраўнік дзяржавы. Таму цэнтры практычнага навучання павінны і далей аснашчацца перадавым абсталяваннем, і ў цэлым матэрыяльная база медыцынскіх ВНУ павінна быць добрая і самая сучасная, дадаў ён.

"Я неаднаразова гаварыў аб неабходнасці інтэграцыі адукацыі, навукі і практычнай дзейнасці. За мяжой гэта праблема вырашана стварэннем універсітэцкіх клінік. Іх высокую эфектыўнасць пацвярджае вопыт многіх заходнееўрапейскіх дзяржаў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Цяпер Міністэрства аховы здароўя адпрацоўвае пілотны праект па стварэнні ўніверсітэцкай клінікі на базе Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы. "Мы разлічваем, што стварэнне новага фармату кааперацыі медыцынскай практыкі і адукацыі дапаможа забяспечыць больш актыўны ўдзел практыкуючых урачоў у адукацыйным працэсе і эфектыўней выкарыстоўваць патэнцыял выкладчыкаў універсітэта, - сказаў Прэзідэнт. - Тут пераважаюць выкладчыкі. Я разумею, што яны ў нас свяцілы, разумныя, і нават я звяртаюся за прапановамі з іх боку і парадай. Але вы разумеце вартасць практыкуючага ўрача, які аглядае чалавека кожны дзень. А выкладчык, які пастаянна тут перад вамі выступае, ён, можа, крыху ад гэтага адхілены. Інакш кажучы, перавагі і недахопы ў практыкуючага ўрача, тое ж самае - у выкладчыка. Аб'яднаўшы гэта, студэнт атрымае тое, што трэба".

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што першы вопыт павінен даць магчымасць айчыннай медыцынскай адукацыі не толькі пашырыць магчымасці навучальнага працэсу, але і аб'яднаць матэрыяльныя, кадравыя і навуковыя рэсурсы. Гэта правільны шлях да павышэння выніковасці і якасці меддапамогі жыхарам усёй краіны.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі