31 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю інфармацыйнаму агенцтву "Сіньхуа" падзяліўся сваім бачаннем ролі, якую Беларусь адыгрывае ў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Перш за ўсё кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ШАС - гэта арганізацыя, накіраваная ў будучыню. Паводле яго слоў, ва ўмовах пераходу да справядлівага шматпалярнага светаўладкавання асаблівую каштоўнасць уяўляюць адзінства поглядаў удзельнікаў аб'яднання і іх здольнасць прымаць узгодненыя рашэнні. Беларусь з самага пачатку ўбачыла гэты патэнцыял і не прагадала, дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"За 20 з лішнім гадоў ШАС сфарміравала ўнікальную мадэль рэгіянальнай бяспекі і развіцця на аснове шматбаковага супрацоўніцтва. Арганізацыя даказала, што пытанні бяспекі можна вырашаць не за кошт канфрантацыі, а праз сумесныя меры", - сказаў Прэзідэнт.
У ліку такіх мер ён назваў абмен разведвальнымі данымі, правядзенне вучэнняў, выбудоўванне даверу паміж дзяржавамі. "Дзякуючы гэтаму ўдалося прадухіліць сотні тэрарыстычных актаў і стварыць сістэму, якая стабілізуе Еўразію", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што было падпісана некалькі ключавых канвенцый, створана Рэгіянальная антытэрарыстычная структура (РАТС), сфарміравана база даных па пагрозах, праведзены сотні сумесных аперацый. Акрамя таго, сістэматычна арганізуюцца вучэнні, каардынуецца работа ў галіне пагранічнага кантролю і барацьбы з транснацыянальнай злачыннасцю. Пасля 2020 года ШАС дадала новыя вельмі важныя напрамкі супрацоўніцтва: кібербяспеку, біябяспеку і ахову здароўя насельніцтва.
"Можна сказаць, што ШАС упэўнена становіцца дыпламатычным іграком глабальнага ўзроўню. Арганізацыя прапануе новы падыход да міжнародных адносін, адрозны ад заходніх мадэлей гегемоніі. Дзякуючы "шанхайскаму духу" забяспечваюцца раўнапраўнае супрацоўніцтва і пошук кампрамісаў, - лічыць беларускі лідар. - ШАС інтэгруе ініцыятыву "Адзін пояс, адзін шлях", фарміруе прынцыпы лічбавага кіравання і стварае дыялогавыя платформы для краін, якія сталі на шлях развіцця".
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь актыўна ўключылася ў работу механізмаў бяспекі ШАС, у тым ліку контртэрарыстычных органаў. Ён таксама адзначыў, што беларускі бок запрасіў краіны ШАС падключыцца да падрыхтоўкі Еўразійскай хартыі разнастайнасці і шматпалярнасці ў XXI стагоддзі.
"Беларусь, валодаючы развітой сістэмай пагранічнага кантролю і сучаснымі сродкамі кіберабароны, гатова прапанаваць партнёрам абмен тэхналогіямі і сумесныя вучэнні па абароне крытычнай інфраструктуры ад кібератак", - запэўніў кіраўнік дзяржавы.
Не менш значны ў дзейнасці ШАС, паводле яго слоў, эканамічны складнік: "Я нават сказаў бы, ён павінен адыгрываць ключавую ролю. Для гэтага нам трэба стварыць эфектыўныя механізмы ўзаемаразлікаў у нацыянальных валютах, развіваць інвестыцыйную інфраструктуру, лагістыку".
Беларускі лідар сказаў, што ўсё большае значэнне набываюць гуманітарнае і культурнае супрацоўніцтва. Краіны ўзаемадзейнічаюць у сферах адукацыі, правасуддзя і сацыяльнай абароны, развіваючы "шанхайскі дух" узаемнай павагі. Прэзідэнт адзначыў вялікую і вельмі важную работу Кітая, што пашырае канцэпцыю "супольнасці адзінага лёсу чалавецтва", якая ўплятаецца ў шанхайскую праграму супрацоўніцтва.
"З уступленнем Беларусі ў ШАС колькасць яе членаў павялічылася да дзесяці, і гэта, без беспадстаўнай сціпласці, вядома ж, узмацніла ўплыў арганізацыі на еўразійскай прасторы. Больш таго, наша краіна стала сувязным звяном у эканамічных праектах, паколькі праз нас адкрываюцца новыя маршруты ў Еўропу", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб тым, што Беларусь можа прапанаваць іншым удзельнікам ШАС, Прэзідэнт назваў пастаўкі беларускай прадукцыі. Размова ідзе аб самай шырокай лінейцы - ад высокатэхналагічнай сельгастэхнікі да арганічнай харчовай прадукцыі і калійных угнаенняў, у чым Беларусь займаем адну з лідзіруючых пазіцый у свеце.
"Беларускі вопыт у машынабудаванні, вытворчасці прадуктаў харчавання, а таксама наладжаныя тэхналогіі глыбокай перапрацоўкі рознай сыравіны могуць стаць асновай для новых сумесных прамысловых кластараў у рамках ШАС", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, Беларусь актыўна ўдзельнічае ў форумах народнай дыпламатыі, падтрымлівае розныя фарматы супрацоўніцтва паміж навуковымі арганізацыямі і культурнымі цэнтрамі: "Універсітэт ШАС, маладзёжныя лагеры і праграмы абмену, лічбавая адукацыя, праекты ў сферах экалогіі і штучнага інтэлекту - усё гэта фарміруе трывалую сетку гуманітарных сувязей".
Беларускія вышэйшыя навучальныя ўстановы паспяхова рэалізуюць партнёрскія праекты з ВНУ краін "шанхайскай сям'і", у тым ліку ў галіне ІКТ, інжынерыі і біялагічных навук. Хутка пашыраецца сетка беларускіх культурных і даследчых цэнтраў у дзяржавах - членах ШАС. "Яны не толькі папулярызуюць беларускую мову і культуру, але і заахвочваюць двухбаковыя і шматбаковыя акадэмічныя даследаванні", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Не меншае значэнне, дадаў ён, беларускі бок надае развіццю маладзёжнага ўзаемадзеяння. "У прыярытэце застаюцца праграмы маладзёжнага абмену: удзел у форумах, конкурсах, міжнародных лагерах, праектах валанцёрства і тэхналагічнага партнёрства", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.