17 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У падтрымцы маладых сем'яў і сем'яў з дзецьмі трэба сканцэнтравацца на жыллі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю, прысвечанай Дню народнага адзінства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік маладзёжнага крыла Беларускага саюза жанчын Яўгенія Калечыц узняла тэму дэмаграфіі як складніка нацыянальнай бяспекі, прапанаваўшы расшырыць дзяржаўную падтрымку. "У нас вельмі шмат дзяржава выдзяляе дапамогі на нараджэнне трэцяга дзіцяці ў сям'і. Шматдзетныя сем'і ў нас маюць вялікія льготы, крэдытаванне льготнае, выплаты. Але вось што датычыцца нараджэння другога дзіцяці, то тут стандартная сітуацыя. Было б нядрэнна стымуляваць жанчын на нараджэнне другога дзіцяці. Можа, нейкія выплаты, ільготы, крэдытаванне ажыццяўляць і пры нараджэнні другога дзіцяці", - прапанавала яна.
"Галоўнае не ў тым, будзе сямейны капітал на другое дзіця ці не, а галоўнае ў тым, каб неяк моладзі дапамагчы. Лічу, што моладзі галоўнае - гэта жыллё, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Таму я думаю, што нам трэба сканцэнтравацца на жыллі. Вось для ваенных (не толькі арміі, а людзей у пагонах) за пяцігодку гэту мы праблему з жыллём вырашым. Я канцэнтруюся на тым, каб жыллё не толькі для ваенных, але і для моладзі асабліва. Хоць нейкі куток павінен быць".
"Ну а каб даплаціць за другое ці першае, наўрад ці мы ў бліжэйшы час гэта зможам зрабіць. Гэта калі шчыра і адкрыта", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён растлумачыў, што гэта вялікія сродкі, якія трэба было б недзе ўзяць.
Тым не менш, дзяржава гатова падставіць плячо тым, каму гэта сапраўды неабходна, незалежна ад колькасці дзяцей. "Будзем старацца дапамагчы, калі гэта трэба. Не ўсім агулам", - запэўніў Прэзідэнт.