8 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Аператыўная абстаноўка ў краіне спакойная і знаходзіцца пад кантролем. Аб гэтым журналістам заявіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў па выніках даклада кіраўніку дзяржавы, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адной з тэм даклада стала аператыўная абстаноўка ў святочныя дні. Паводле слоў Івана Кубракова, Прэзідэнт пастаянна трымае пад кантролем гэта пытанне: "Я дакладваў 1 студзеня аб аператыўнай абстаноўцы ў тым ліку, а таксама аб забеспячэнні аховы грамадскага парадку ў навагоднія святы і канкрэтна ў навагоднюю ноч. Хачу адзначыць, што аператыўная абстаноўка ў краіне спакойная і знаходзіцца пад кантролем".
Іван Кубракоў таксама расказаў аб забеспячэнні аховы грамадскага парадку ў месцах святочных мерапрыемстваў: "Я хачу адзначыць, што іх прайшло нямала ў краіне: толькі ў навагоднюю ноч больш за 2 тыс. святочных мерапрыемстваў. Ахова грамадскага парадку забяспечана, ні аднаго злачынства ў месцах правядзення святочных гулянняў не дапушчана".
Асобна міністр унутраных спраў спыніўся на адміністрацыйных правапарушэннях. Паводле яго слоў, ведамствам, нягледзячы на ўмовы надвор'я, былі прыняты ўсе меры для забеспячэння дарожнай бяспекі. "На сённяшні дзень адзначаем зніжэнне колькасці дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх пацярпелі і загінулі грамадзяне. Мы пачалі падрыхтоўку загадзя", - дадаў Іван Кубракоў.
Міністр таксама звярнуў увагу, што з пачатку студзеня ў сярэднім у органы ўнутраных спраў штосутачна паступае больш за 5 тыс. паведамленняў. "Зразумела, арганізавана работа па аператыўным рэагаванні на ўсе паведамленні грамадзян, уся неабходная дапамога аказваецца", - запэўніў ён.
"Акрамя таго, мы бачым, якія ўмовы надвор'я, вельмі вялікія снегапады, і аказваем дапамогу грамадзянам па прыбіранні тэрыторый ад снегу, у тым ліку ў горадзе Мінску і абласных цэнтрах", - расказаў міністр.
Разам з тым, канстатаваў кіраўнік МУС, у навагоднія святы не абышлося без учынення злачынстваў, у тым ліку цяжкіх і асоба цяжкіх. "З пачатку студзеня ўчынена пяць забойстваў. Так, гэта менш, чым у мінулым годзе, але, на жаль, гэта пяць чалавечых жыццяў", - падкрэсліў Іван Кубракоў. Акрамя таго, дадаў ён, грамадзянам было нанесена 14 цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Таксама ўчынена сем хуліганстваў, звязаных, як правіла, з пашкоджаннем маёмасці.
Кіраўнік міліцэйскага ведамства, гаворачы пра спецыфіку злачынстваў у навагоднія святы, падкрэсліў, што практычна ўсе былі ўчынены па месцы жыхарства грамадзян пасля распіцця спіртных напіткаў.