Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

1 Nov 2016

Кабякоў уручыў дзяржузнагароды заслужаным людзям Беларусі

1 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў па даручэнні кіраўніка дзяржавы ўручыў сёння дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным людзям краіны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У спісе ўзнагароджаных 94 чалавекі. Гэта работнікі будаўнічай галіны, прамысловасці, падатковых органаў, аховы здароўя, сродкаў масавай інфармацыі, адукацыі, навукі і культуры. Яны ўдастоены ўзнагарод за шматгадовую плённую працу, узорнае выкананне службовых абавязкаў, высокі прафесіяналізм.

Сярод узнагароджаных значная частка медыцынскіх работнікаў. Адзначаючы іх дасягненні, Андрэй Кабякоў звярнуў увагу на тое, што ўпершыню за апошнія 20 гадоў у Беларусі нараджальнасць перавысіла смяротнасць. "Гэта стала магчымым дзякуючы комплексным паслядоўным мерам дзяржаўнай палітыкі, - падкрэсліў ён. - Натуральны прырост толькі за 9 месяцаў бягучага года назіраецца адразу ў 85 са 113 гарадоў, а таксама ў кожным трэцім пасёлку гарадскога тыпу. За гэтыя ж 9 месяцаў у краіне нарадзілася амаль 90 тыс. маленькіх беларусаў. Гэта на паўтысячы больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Прычым большасць з іх - гэта ўжо другія і наступныя дзеці".

Дзяржава ўдзяляе ўсебаковую ўвагу пытанням стварэння спрыяльных умоў для нараджэння і выхавання дзяцей. Так, з 2007 года ў Беларусі рэалізуецца ўжо трэцяя праграма дэмаграфічнай бяспекі. "Дзейнічае разгалінаваная сістэма дзярждапамог - сістэма стабільная і эфектыўная. Яна сёння ахоплівае адразу 11 відаў дапамог, якія атрымлівае кожнае трэцяе дзіця, - нагадаў прэм'ер-міністр. - З сённяшняга дня павялічыліся дапамогі, што выплачваюцца бацькам, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў".

Прэм'ер-міністр таксама адзначыў дасягненні работнікаў сферы культуры. Асаблівую значнасць іх заслугі маюць у Год культуры. "Дзякуючы прафесійнаму майстэрству артыстаў на сцэнах лепшых тэатраў краіны створаны запамінальныя вобразы герояў, якія палюбілі і дзеці, і дарослыя. Многія спектаклі, дзе задзейнічаны артысты, атрымалі спецыяльныя прызы і прэміі на прэстыжных тэатральных фестывалях", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Падзякі Прэзідэнта ўручаны за падрыхтоўку на высокім арганізацыйным узроўні пятага Усебеларускага народнага сходу. "Адзначана праведзеная работа па арганізацыі гарачай лініі народнага веча, асвятленні мерапрыемства ў сродках масавай інфармацыі і арганізацыі разнапланавай культурнай праграмы для дэлегатаў", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Узнагарод удастоены і прадстаўнікі Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Імі рэалізаваны значныя праекты па распрацоўцы методык разліку зводнага індэкса спажывецкіх цэн на тавары і платныя паслугі насельніцтву, разліку сярэдніх цэн на тавары ў магазінах рознічнага гандлю, а таксама праграмнага прадукту "калькулятар асабістай інфляцыі".

Падзякі кіраўніка дзяржавы атрымалі і трэнеры - за шматгадовую плённую працу па развіцці і папулярызацыі фізічнай культуры і спорту, падрыхтоўку спартсменаў высокага класа. "Вы ўнеслі значны ўклад у выхаванне і падрыхтоўку плеяды спартсменаў, якія сталі чэмпіёнамі і прызёрамі Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў і першынстваў Беларусі, Еўропы і свету, - адзначыў прэм'ер-міністр. - Чакаем, што дзякуючы вашым намаганням нашы спартсмены дастойна выступяць на Еўрагульнях-2019, якія пройдуць у Беларусі. Такія буйныя спаборніцтвы, што ўключаюць у сябе больш за дзесяць відаў спорту, пройдуць у нашай краіне ўпершыню. Мы прыкладзём усе намаганні і магчымасці для правядзення другіх Еўрапейскіх гульняў на самым высокім узроўні. Асаблівую значнасць маючы адбыцца ў 2019 годзе спартыўны форум будзе мець і таму, што Еўрагульні пройдуць за год да летніх Алімпійскіх гульняў у Токіа і стануць для многіх атлетаў пропускам на галоўныя старты чатырохгоддзя".

Высокіх дзяржаўных узнагарод удастоены прадстаўнікі буйнейшага медыяхолдынга краіны - Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі, сярод іх - кіраўніцтва Беларускага радыё. "За гады свайго існавання радыё прайшло шлях ад звычайнай радыёкропкі да сучаснай высокатэхналагічнай медыяструктуры. Інфармацыйныя, аналітычныя і музычныя перадачы карыстаюцца заслужанай папулярнасцю не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі. І сёння многія беларусы пачынаюць свой дзень з праграмы "Радыёфакт", якой у бягучым годзе споўнілася 25 гадоў", - нагадаў Андрэй Кабякоў.

У ліку ўзнагароджаных - вялікая група дарожных рабочых. "Дзякуючы вашым намаганням у краіне актыўна ідзе рэканструкцыя аўтадарог. Завяршаецца работа па стварэнні якасных аўтатрас адпаведнага класа, якія звязваюць абласныя цэнтры з Мінскам", - адзначыў кіраўнік урада.

Таксама высокія ўзнагароды атрымалі прадстаўнікі Міністэрства эканомікі. "Урад цэніць той уклад, які вы ўнеслі ў распрацоўку Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў выказаў удзячнасць узнагароджаным за прафесіяналізм і працавітасць.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі