5 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Шырокі спектр тэм двухбаковага супрацоўніцтва абмяркоўвае міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у час візіту 5-6 жніўня ў Джакарту (Інданезія), паведамляе БЕЛТА са спасылкай на беларускае МЗС.
Знаходжанне Максіма Рыжанкова ў Інданезіі з'яўляецца першым афіцыйным візітам па лініі беларускага знешнепалітычнага ведамства з моманту адкрыцця пасольства Беларусі ў Джакарце ў 2012 годзе. У першы дзень наведвання краіны кіраўнік беларускага МЗС правёў перагаворы з міністрам замежных спраў Інданезіі Сугіёна, якія прайшлі ў цёплай і дружалюбнай атмасферы. Бакі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў двухбаковага і шматбаковага парадку дня.
Бакі дамовіліся павысіць узровень кіравання гандлёва-эканамічнай камісіяй, што звязана са шматлікасцю і разнапланавасцю сфер узаемнай цікавасці гандлю і бізнесу. Акрамя таго, былі намечаны планы па актывізацыі сумеснай работы ў галінах гуманітарнага супрацоўніцтва, сельскай гаспадаркі, культурнага абмену, навукі і тэхналогій, а таксама навучання інданезійскіх студэнтаў у беларускіх ВНУ. У ліку іншых пытанняў бакі абмеркавалі графік узаемных візітаў на другую палову 2025 года, уключаючы візіты на вышэйшым узроўні.
У час сустрэчы міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь са спікерам Савета (палаты) рэгіянальных прадстаўнікоў Рэспублікі Інданезія Султанам Бахціярам Наджамудзінам быў адзначаны высокі ўзровень палітычнага двухбаковага дыялогу. Спікер выказаў упэўненасць у тым, што супрацоўніцтва з Беларуссю ў сферах, якая ўяўляе ўзаемную цікавасць, будзе толькі нарошчвацца. Была дасягнута дамоўленасць аб пашырэнні міжпарламенцкага супрацоўніцтва.
У МЗС падкрэслілі, што беларускі бок разглядае Савет (палату) рэгіянальных прадстаўнікоў як фарватар для пашырэння праектаў у гандлёва-эканамічным, палітычным, гуманітарным, культурным і навукова-тэхнічным напрамку, супрацоўніцтва ў сферы абароннай прамысловасці. Пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва таксама былі ў фокусе ўвагі, уключаючы рэалізацыю пагадненняў, дасягнутых па выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Інданезіі ў Беларусь у ліпені 2025 года.
Запланаванае падпісанне да канца года Пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і Інданезіяй, у год старшынства Рэспублікі Беларусь у ЕАЭС, прызначана павялічыць узаемны тавараабарот.