2 ліпеня, Джакарта /Кар. БЕЛТА/. Дарожная карта развіцця ключавых напрамкаў супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Інданезія на 2026-2030 гады адобрана па выніках перагавораў у Джакарце прэзідэнтаў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Прабова Субіянта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пацвярджаю рашучасць беларускага боку ажыццявіць усе мэты і задачы, зафіксаваныя ў дарожнай карце развіцця ключавых напрамкаў супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Інданезіяй да 2030 года. Гэта - галоўны з падпісаных намі дакументаў", - заявіў беларускі лідар па выніках перагавораў.
Па выніках візіту таксама падпісаны дакументы аб развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах.
Заключаны мемарандумы ў галінах прамысловай кааперацыі, культуры, аховы здароўя, акрэдытацыі.






Падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Нацыянальным агенцтвам даследаванняў і інавацый Інданезіі аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.
Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі і гандлёва-прамысловыя палаты дзвюх краін.
Заключаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Нацыянальным банкам Беларусі і Упраўленнем фінансавых паслуг Інданезіі.
Яшчэ адзін мемарандум датычыцца супрацоўніцтва па абмене інфармацыяй, звязанай з легалізацыяй злачынных даходаў і фінансаваннем тэрарызму, распаўсюджваннем зброі масавага паражэння.