22 жніўня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. У штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку 21 жніўня адбылася сустрэча Генеральнага сакратара ААН Антоніа Гутэрыша з пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ААН Андрэем Дапкюнасам у сувязі з завяршэннем ім дыпламатычнай місіі, паведамілі БЕЛТА ў МЗС.
Бакі абмяняліся думкамі аб шляхах павышэння эфектыўнасці дзейнасці ААН, у тым ліку ў кантэксце прапанаваных Антоніа Гутэрышам планаў рэформ арганізацыі ў галіне забеспячэння міру і бяспекі, садзейнічання ўстойліваму развіццю, а таксама рэфармавання сістэмы кіравання ААН.
Генеральны сакратар і кіраўнік беларускай місіі пры ААН сышліся на разуменні важнасці як паляпшэння штодзённага ўзаемадзеяння і сувязі паміж Сакратарыятам ААН і місіямі дзяржаў-членаў, так і стварэння пастаяннага механізма вырашэння праблем у такім узаемадзеянні, ідэю аб якім цяпер па ініцыятыве Беларусі разглядае Генеральная асамблея Арганізацыі.