14 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў вырашыць пытанне з чэргамі на маршруткі ў гадзіны пік, у тым ліку за кошт прыцягнення на запатрабаваныя маршруты дадатковых адзінак тэхнікі, уключаючы электратранспарт. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе аб выніках работы БелАЭС, павелічэнні электраспажывання і прапановах аб будаўніцтве новых атамных магутнасцей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі развіваецца электратранспарт, прычым не толькі ў буйных гарадах. "Пілотныя праекты па пераводзе грамадскага транспарту на электрычны ўкаранёны ў Шклове, Жодзіне і Наваполацку. А ў цэлым на сённяшні дзень у краіне эксплуатуецца звыш 44 тысяч электрамабіляў і налічваецца больш як 1870 зарадных станцый", - прывёў даныя кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым выклікае здзіўленне, чаму ёсць недахоп грамадскіх відаў транспарту ў прыгарадных і міжгародніх зносінах, заўважыў Прэзідэнт. Гэта тэма, паводле яго слоў, узнімаецца людзьмі ў тым ліку ў сацыяльных сетках. "Людзі крыўдзяцца: стаяць, асабліва ў гадзіны пік, па 150 метраў, як яны пішуць, у чэргах, каб уціснуцца ў гэту маршрутку смярдзючую, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Слухайце, чаго вы з людзей здзекуецеся?!"



"Мы што, не можам замяніць гэтыя маршруткі, Аляксандр Генрыхавіч, аўтобусамі? - заўважыў Прэзідэнт, звяртаючыся да прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына. - Трэба паставіць, аж да таго, што не толькі на рухавіках унутранага згарання аўтобусы, але і электрабусы паставіць. І няхай ідуць. З задавальненнем людзі паедуць. Камфортна, паветрам дыхаюць у гэтым аўтобусе, не сядзяць там (як у маршрутках. - Заўвага БЕЛТА) заціснуўшыся. Паводле слоў Прэзідэнта, гэта быў бы і больш бяспечны від транспарту: "Ну, страцім мы 2-3 хвіліны, але жывыя будзем і здаровыя".
"Аляксандр Генрыхавіч, ну што гэта, зноў мае ўказанні патрэбны? Трэба бачыць, чым людзі жывуць. Мы з лёгкасцю гэта можам зрабіць, і гэта акупны праект", - падкрэсліў Прэзідэнт.