17 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 400 прадстаўнікоў айчыннай і замежнай прэсы акрэдытаваны для асвятлення Усебеларускага народнага сходу (УНС). Аб гэтым расказаў першы намеснік міністра інфармацыі Андрэй Кунцэвіч, паведамляе БЕЛТА.
"Усебеларускі народны сход, безумоўна, замацуе беспрэцэдэнтную медыяактыўнасць апошніх тыдняў па беларускай тэматыцы. Серыя міжнародных візітаў і сустрэч высокага ўзроўню, рэзананснае інтэрв'ю Прэзідэнта амерыканскаму тэлеканалу Newsmax, будучае Пасланне кіраўніка нашай дзяржавы беларускаму народу і абмеркаванне праекта пяцігадовай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця трымаюць Беларусь у топе навін", - канстатаваў Андрэй Кунцэвіч.
Першы намеснік міністра інфармацыі таксама адзначыў, што для работы непасрэдна ў Палацы Рэспублікі ў дні УНС акрэдытавана больш за 400 прадстаўнікоў айчыннай і замежнай прэсы, у тым ліку журналісты з вядучых СМІ Расіі, Кітая, Турцыі, Германіі. "Сем буйнейшых беларускіх медыя арганізавалі ў палацы свае перасовачныя студыі, запланаваны прамыя ўключэнні з месца падзеі", - дапоўніў Андрэй Кунцэвіч.
"Улічваючы вялікую цікавасць да Усебеларускага народнага сходу з боку прэсы, арганізатарам давялося нарошчваць колькасць рабочых месцаў для журналістаў у прэс-цэнтры УНС. Дарэчы, прадстаўнікі СМІ будуць там забяспечаны ўсім неабходным для камфортнай работы", - рэзюмаваў першы намеснік міністра інфармацыі.
Усяго акрэдытавана 454 прадстаўнікі СМІ. Па лініі Міністэрства інфармацыі акрэдытацыю атрымалі 356 журналістаў ад 23 беларускіх СМІ. Міністэрствам замежных спраў Беларусі акрэдытаваны 39 замежных журналістаў ад 12 вядучых міжнародных СМІ. Таксама акрэдытаваны 51 прадстаўнік прэс-службаў дзяржаўных органаў і арганізацый.