Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

10 Jun 2020

Беларускія вучоныя прапануюць калегам з РФ аб'яднаць намаганні для распрацоўкі вакцыны супраць каранавіруса

Беларускія вучоныя прапануюць калегам з РФ аб'яднаць намаганні для распрацоўкі вакцыны супраць каранавіруса
Уладзімір Гусакоў. Фота з архiва

10 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія вучоныя прапануюць расійскім калегам аб'яднаць намаганні ў распрацоўцы вакцыны супраць каранавіруса. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гусакоў перад відэаканферэнцыяй НАН і Расійскай акадэміі навук "Каранавірусная інфекцыя: фундаментальныя, клінічныя і эпідэміялагічныя аспекты. Сацыяльна-эканамічныя выклікі ахове здароўя", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У Расіі (не толькі ў акадэміі навук), паводле існуючых звестках, распрацаваны шэраг вакцын, яны праходзяць праверку. Але наколькі яны эфектыўныя, яшчэ складана гаварыць, яны не прайшлі выпрабаванні. І ў Беларусі вучоныя сканцэнтравалі ўвагу на гэтым. Таму я буду прапаноўваць, каб мы аб'ядналі намаганні, і, можа, гэта дасць магчымасць нам хутчэй зрабіць такую распрацоўку, правесці праверку і забяспечыць пастаўку пры неабходнасці", - адзначыў Уладзімір Гусакоў.

Акрамя таго, магчыма аб'яднанне намаганняў у распрацоўцы лекавых прэпаратаў прамога дзеяння супраць каранавіруса, метадаў лячэння COVID-19. "Таму што цяпер такіх эфектыўных, адназначных прэпаратаў пакуль няма", - канстатаваў старшыня Прэзідыума НАН.

Уладзімір Гусакоў звярнуў увагу, што сёння праходзіць першая відэаканферэнцыя з калегамі з РАН па тэме каранавіруса. "Шырокага супрацоўніцтва менавіта ў гэтай галіне ў нас яшчэ не было. Мы больш працавалі ў галіне космасу, новых матэрыялаў, аграрнага комплексу, біятэхналогій, - адзначыў кіраўнік НАН. - Я буду прапаноўваць шэраг напрамкаў фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Думаю, што з расійскага боку таксама паступіць прапанова па сумеснай рабоце". НАН будзе прапаноўваць аформіць ініцыятывы ў сумесны план работы па пераадоленні каранавіруса на 2020-2021 гады.

Беларускія вучоныя таксама хочуць вывучыць асаблівасці COVID-19. "Таму што каранавірусных хвароб шмат, але менавіта такая мадыфікацыя ўпершыню з'явілася ў свеце. Тым больш што гэта даволі каварная хвароба, яна ў тым ліку выкарыстоўвае арганізм чалавека для абароны свайго існавання і развіцця. Гэта незвычайныя з'явы і ўласцівасці, гэта трэба вывучыць", - лічыць Уладзімір Гусакоў.

Паводле яго слоў, толькі ў Акадэміі навук, не гаворачы ўжо аб сістэме Міністэрства аховы здароўя, распрацаваны шэраг процівірусных прэпаратаў, прэпаратаў прафілактычнага дзеяння. Але яны распрацоўваліся яшчэ да пандэміі і маюць агульнае процівіруснае прызначэнне, а не спецыялізаванае супраць COVID-19. "Таму цяпер мы ў гэтым напрамку працуем - па спецыялізацыі прэпаратаў, зыходзячы з асаблівасцей віруса. Гэта няпроста, вірус вельмі каварны і вельмі складаны для разумення", - растлумачыў старшыня Прэзідыума НАН.

Сумеснае пасяджэнне Прэзідыумаў беларускай і расійскай акадэмій навук запланавана на восень. Уладзімір Гусакоў разлічвае, што да гэтага часу сітуацыя з пандэміяй стабілізуецца і сустрэча пройдзе на тэрыторыі Беларусі.

Ён нагадаў, што напярэдадні па ініцыятыве НАН Беларусі быў створаны навуковы савет па вірусалогіі Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук (МААН). Мэта стварэння навуковага савета - арганізацыя і рэалізацыя сумесных даследаванняў, забеспячэнне навуковай экспертызы распрацовак у гэтай галіне навукі.

Гаворачы аб міжнародным супрацоўніцтве для пераадолення каранавіруса, Уладзімір Гусакоў падкрэсліў, што кааперацыя і сумесныя дзеянні заўсёды былі рэзультатыўнымі. Цяпер ні адна краіна ў свеце не можа працаваць па сур'ёзных пытаннях самастойна. Напрыклад, ЗША фарміруе свае лабараторыі па міжнародным прынцыпе - там працуюць вучоныя ў тым ліку з Кітая, Індыі, Расіі, Беларусі, гэта інтэрнацыянальныя лабараторыі. І Беларусь таксама стараецца працаваць у кааперацыі з замежнымі навуковымі цэнтрамі па розных напрамках, дадаў кіраўнік НАН.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі