Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

8 Кст 2018

Беларусь зацікаўлена ў экспертнай ацэнцы МАГАТЭ для гарантавання бяспекі АЭС

Беларусь зацікаўлена ў экспертнай ацэнцы МАГАТЭ для гарантавання бяспекі АЭС

8 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў экспертнай ацэнцы місіі Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі EPREV (Emergency Preparedness Review) па разглядзе аварыйнай гатоўнасці і рэагаванні для гарантавання бяспекі АЭС, адзначыў міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка ў час сустрэчы з прадстаўнікамі місіі МАГАТЭ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Хачу выказаць словы ўдзячнасці за тое, што вы прынялі наша запрашэнне і вырашылі аказаць нам садзейнічанне ў вельмі важных пытаннях пры будаўніцтве АЭС. Калі ў нас пытаюцца, навошта праводзіцца місія, мы гаворым, што перш за ўсё мы праводзім яе для сябе. Як ніхто іншы, мы зацікаўлены ў аб'ектыўнай ацэнцы дзейнасці па пытаннях бяспекі пры будаўніцтве атамнай станцыі. І мы ўдзячны за тое, што на працягу місіі атрымліваем аб'ектыўную ацэнку, рэкамендацыі, якія садзейнічаюць вырашэнню пытанняў, што ўзнікаюць у той ці іншай ступені. Мы заўсёды бачым добразычлівасць, аб'ектыўнасць. Яшчэ раз паўтаруся, галоўная мэта для нас - атрыманне аб'ектыўнага, кваліфікаванага экспертнага погляду на тое, што робіцца сёння, каб гарантаваць бяспеку пры будаўніцтве і ў далейшым пры эксплуатацыі АЭС", - сказаў Уладзімір Вашчанка.

Ён адзначыў, што да пачатку місіі Беларусь у адпаведнасці з патрабаваннямі норм бяспекі МАГАТЭ GSR Part 7 правяла самаацэнку сістэмы гатоўнасці і рэагавання на радыяцыйныя надзвычайныя сітуацыі. Вынікі гэтай самаацэнкі былі занесены ў інфармацыйную кіруючую сістэму МАГАТЭ і за 3 месяцы да пачатку місіі прадстаўлены экспертам. Да моманту правядзення місіі эксперты змаглі азнаёміцца са станам спраў у краіне і адпаведным нацыянальным заканадаўствам. За кароткі тэрмін была праведзена вялікая работа па ўдасканаленні нацыянальнай сістэмы аварыйнай гатоўнасці і рэагавання на ядзерныя і радыяцыйныя аварыі ў адпаведнасці з патрабаваннямі норм бяспекі МАГАТЭ GSR Part 7. На гэты момант патрабаванні МАГАТЭ, якія неабходна было рэалізаваць, выкананы цалкам альбо ўнесены ў праекты дакументаў, што адлюстравана ў выніках самаацэнкі.

"Не так даўно наша краіна паспяхова прайшла так званыя стрэс-тэсты пад эгідай партнёрскіх экспертаў ЕС. Асноўная задача пры іх правядзенні заключалася ў ацэнцы ўстойлівасці Беларускай АЭС да неспрыяльных прыродных уздзеянняў і іх спалучэння. Эксперты адзначылі шэраг станоўчых практык і асабліва высокі ўзровень падраздзяленняў МНС, аснашчанасць і гатоўнасць. У цэлым з 2010 года мы праводзім практычныя трэніроўкі, абучэнне нашых супрацоўнікаў, таму сёння ўжо з упэўненасцю можам гаварыць, што гатовы да любых сітуацый. Што датычыцца EPREV, тут будзе ацэньвацца, як мы будзем гатовы рэагаваць у выпадку аварыі, у тым ліку справакаванай, магчыма, экстрэмальнымі прыроднымі ўздзеяннямі", - падкрэсліў міністр.

Місія Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі EPREV па разглядзе аварыйнай гатоўнасці і рэагаванні будзе працаваць у Беларусі па 20 кастрычніка. У складзе дэлегацыі - намеснік генеральнага дырэктара МАГАТЭ Хуан Карлас Ленціха, начальнік цэнтра па інцыдэнтах і аварыйных сітуацыях МАГАТЭ Алена Буглова, кіраўнік місіі Марына Нізамска, каардынатар Рамон дэ ла Вега. На працягу амаль двухтыднёвага візіту дэлегацыя наведае БелАЭС, Дзяржатамнагляд МНС, Дзяржпрамнагляд МНС, Мінпрыроды, Мінэнерга, Белгідрамет, падраздзяленні МНС (Рэспубліканскі атрад спецыяльнага прызначэння, ДААВУ "Авіяцыя", НДІ пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый, Астравецкае раённае падраздзяленне МНС) і іншыя арганізацыі. Па выніках візіту місія МАГАТЭ прадставіць фінальную справаздачу.

Паслугі па разглядзе аварыйнай гатоўнасці МАГАТЭ прадастаўляе па запыце дзяржавам-членам з мэтай ацэнкі ўзроўню іх гатоўнасці да ядзернай або радыялагічнай аварыйнай сітуацыі. Місія EPREV садзейнічае павышэнню нацыянальнага патэнцыялу аварыйнага рэагавання ў адпаведнасці з нормамі бяспекі МАГАТЭ.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі