24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь заклікае завяршыць стварэнне Банка развіцця Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) як незалежнага фінансавага інстытута, а таксама стымуляваць разлікі ў нацыянальных валютах на прасторы арганізацыі. Аб гэтым кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства Максім Рыжанкоў заявіў 24 ліпеня на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў дзяржаў - членаў ШАС у Чалпон-Аце (Кыргызстан), паведамляе БЕЛТА.
У час выступлення Максім Рыжанкоў абазначыў прапановы Беларусі па далейшым удасканаленні арганізацыі. У першую чаргу ён выказаўся за павышэнне эфектыўнасці дзейнасці ШАС і яе структур і заклікаў завяршыць стварэнне Банка развіцця ШАС як незалежнага фінансавага інстытута, а таксама стымуляваць разлікі ў нацыянальных валютах.
Беларускі бок таксама лічыць важным паскорыць пачатак функцыянавання Антынаркатычнага цэнтра ШАС і Універсальнага цэнтра па процідзеянні выклікам і пагрозам бяспецы, развіваць практыку сумесных выступленняў ад імя ШАС на міжнародных пляцоўках.
Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што Беларусь гатова да самага актыўнага ўдзелу ў сумеснай рабоце па павышэнні эфектыўнасці арганізацыі, захаванні інстытуцыянальнай памяці і мадэрнізацыі дагаворна-прававой базы ў яе рамках.
Па выніках пасяджэння кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў прынялі сумесную заяву і падпісалі некалькі рашэнняў, якія датычацца падрыхтоўкі маючага адбыцца пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў - членаў ШАС і бягучых пытанняў дзейнасці арганізацыі.
Кіраўнікі дэлегацый таксама прынялі ўдзел у цырымоніі сумеснага напісання карціны, на якой адлюстравана дрэва з дзесяццю стваламі, якое сімвалізуе цесныя сувязі паміж дзевяццю дзяржавамі - членамі ШАС, а таксама яе Сакратарыятам.