30 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Група сяброў, якія аб'ядналіся ў барацьбе з гандлем людзьмі, прыняла заяву з нагоды Сусветнага дня барацьбы з гандлем людзьмі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў пастаянным прадстаўніцтве Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Вене.
Сумесная заява Беларусі, Бахрэйна, Бангладэш, Балівіі, Егіпта, Эрытрэі, Індыі, Казахстана, Кыргызстана, Лаоса, Лівіі, Нікарагуа, Нігерыі, Філіпін, Катара, Расіі, Сінгапура, Таджыкістана, Туркменістана, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Узбекістана, Венесуэлы прынята пад назвай "Гандаль людзьмі - гэта арганізаваная злачыннасць. Пара пакласці канец эксплуатацыі".
"Міжнародная супольнасць па ўсім свеце сутыкаецца з сур'ёзным выклікам - імклівым распаўсюджваннем гандлю людзьмі. Апошні глабальны даклад Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці (ЮНОДК) аб гандлі людзьмі ўказвае на рост колькасці выяўленых выпадкаў, пры гэтым жанчыны і дзяўчынкі па-ранейшаму складаюць большасць ахвяр, а таксама павялічваецца колькасць пацярпелых дзяцей. Асаблівую трывогу выклікае рост гандлю ў мэтах прымусовай працы: доля такіх ахвяр упершыню перасягнула лік ахвяр сексуальнай эксплуатацыі", - гаворыцца ў заяве.
Адным з ключавых фактараў, што садзейнічаюць гандлю людзьмі, сталі лічбавыя тэхналогіі. "Гандаль людзьмі ў мэтах прымушэння да злачыннай дзейнасці, у тым ліку ў форме анлайн-махлярства, пацвярджае, што злачыннасць пераходзіць да новай бізнес-мадэлі, дзе інтэрнэт адыгрывае важную ролю ў дзеяннях злачынных груп, - адзначаецца ў дакуменце. - Для змянення негатыўных тэндэнцый неабходны дадатковыя і паскораныя меры як на нацыянальным, так і на міжнародным узроўнях".
"Тэма Сусветнага дня барацьбы з гандлем людзьмі ў гэтым годзе падкрэслівае важнейшую ролю праваахоўных органаў і сістэмы крымінальнага правасуддзя ў ліквідацыі сетак гандлю людзьмі, - лічаць дыпламаты. - Мы прызнаём, што дабіцца значнага прагрэсу ў барацьбе са злачыннасцю магчыма толькі праз сумесныя, скаардынаваныя намаганні многіх дзяржаў на аснове міжнародных дагавораў і канвенцыі. У гэтым годзе спаўняецца 25 гадоў з моманту прыняцця пратакола аб прадухілені і спыненні гандлю людзьмі, асабліва жанчынамі і дзецьмі, і пакаранні за яго. Гэты пратакол застаецца краевугольным каменем міжнароднай прававой базы па барацьбе з гандлем людзьмі. Кіруючыся прынцыпамі, замацаванымі ў Канвенцыі ААН супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці і адпаведным пратаколе, мы падкрэсліваем неабходнасць умацавання каардынацыі і супрацоўніцтва ў глабальнай барацьбе з гандлем людзьмі, а таксама забеспячэння эфектыўнай рэалізацыі дзеючых міжнародных інструментаў".
У заяве таксама адзначаецца падтрымка разнастанай і комплекснай дзейнасці ЮНОДК, у тым ліку ў ролі каардынатара Міжведамаснай каардынацыйнай групы па барацьбе з гандлем людзьмі (ICAT), накіраванай на садзейнічанне дзяржавам у рэалізацыі Палермскага пратакола, удасканаленне мер процідзеяння і распаўсюджванне перадавога вопыту ў гэтай сферы.
Поспех у барацьбе з гандлем людзьмі таксама звязаны з эфектыўнай рэалізацыяй іншых міжнародных дакументаў, у тым ліку Глабальным планам дзеянняў ААН па барацьбе з гандлем людзьмі. "У бягучым годзе спаўняецца 15 гадоў з моманту яго прыняцця. Мы зноў пацвярджаем нашу калектыўную прыхільнасць і поўную падтрымку ўсебаковаму выкананню глабальнага плана дзеянняў праз узгодненыя намаганні на міжнародным і нацыянальным узроўнях. Мы заклікаем ЮНОДК і іншых удзельнікаў ICAT забяспечыць поўную рэалізацыю глабальнага плана дзеянняў", - адзначана ў заяве.