26 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Судан абмеркавалі перспектывы аднаўлення комплекснага супрацоўніцтва ў ключавых сферах. Размова аб гэтым ішла на сустрэчы міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова з міністрам замежных спраў Рэспублікі Судан Махідзінам Салемам у Нью-Ёрку, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага знешнепалітычнага ведамства.
Субяседнікі выказалі гатоўнасць актывізаваць двухбаковы дыялог на ўсіх узроўнях, уключаючы ўзаемадзеянне паміж профільнымі міністэрствамі.
"Беларусь пацвердзіла падтрымку суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Судана. Закрануты перспектывы аднаўлення комплекснага супрацоўніцтва ў ключавых сферах: харчовая бяспека, прамысловасць, энергетыка, адукацыя і ахова здароўя", - расказалі ў прэс-службе МЗС.
Максім Рыжанкоў заявіў аб гатоўнасці Беларусі садзейнічаць пасляканфліктнаму аднаўленню краіны, уключаючы пастаўкі прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі, выкарыстанне беларускага тэхналагічнага патэнцыялу, умацаванне кааперацыйных сувязей.
На палях 80-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства таксама правёў сустрэчу з намеснікам міністра эканомікі і міжнароднага супрацоўніцтва Дамініканскай Рэспублікі Уга Рывера Фернандэсам. Яны абмеркавалі перспектывы развіцця двухбаковых адносін, пытанні харчовай бяспекі, супрацоўніцтва ў сферы турызму, у прыватнасці арганізацыю адпачынку беларускіх грамадзян у Дамініканскай Рэспубліцы.
У час размовы з міністрам замежных спраў Узбекістана Бахціёрам Саідавым абмеркаваны ўвесь комплекс адносін паміж краінамі, уключаючы ўзаемадзеянне ў міжнародных арганізацыях.