16 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь прапанавала Польшчы правесці перагаворы па тэме бяспекі, паведаміў начальнік дэпартамента міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва - памочнік міністра абароны па пытаннях міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва Валерый Равенка. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве абароны.
"На фоне існуючага ўзброенага канфлікту ва Украіне дадатковым фактарам, што садзейнічае росту напружанасці ва Усходнееўрапейскім рэгіёне, з'яўляецца паскораная мілітарызацыя Рэспублікі Польшча, якая відавочна перавышае абаронную дастатковасць. Рэспубліка Беларусь як сумежная дзяржава не можа не рэагаваць на гэту тэндэнцыю, - адзначыў Валерый Равенка. - У 2025 годзе ваенны бюджэт Польшчы дасягнуў рэкордных 4,7 працэнта ВУП. Адбываецца актыўная закупка замежных ударна-наступальных узбраенняў і нарошчванне магутнасцей нацыянальнага ваенна-прамысловага комплексу, у тым ліку шляхам стварэння сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці ВВСТ і боепрыпасаў, а таксама вырабу замежнай абароннай прадукцыі па ліцэнзіі. Праводзяцца практычныя мерапрыемствы па фарміраванні трох механізаваных дывізій ва ўсходніх рэгіёнах краіны (на аддаленасці да 200 км ад дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь). Названыя меры не толькі негатыўна ўплываюць на рэгіянальны баланс сіл, але і ўспрымаюцца намі як частка ўсёабдымнай недружалюбнай стратэгіі ў адносінах да Рэспублікі Беларусь".
Мерапрыемствы ваеннага характару, якія праводзяцца Рэспублікай Польшча ў непасрэднай блізкасці ад тэрыторыі нашай дзяржавы, выклікаюць яшчэ большую занепакоенасць, падкрэсліў начальнік дэпартамента. "У рамках маштабнага доўгатэрміновага праекта "Усходні шчыт" паскоранымі тэмпамі ўзводзіцца комплекс загарод, умацаванняў і сучасных сістэм маніторынгу паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь. У прыгранічных з нашай краінай раёнах дадаткова сканцэнтравана амаль 11 тыс. ваеннаслужачых, супрацоўнікаў органаў пагранічнай службы і паліцыі. Польскае кіраўніцтва таксама мае намер выйсці з Атаўскай канвенцыі і размясціць на граніцы з Беларуссю проціпяхотныя міны, - сказаў ён. - Чарговым крокам ваенна-палітычнага кіраўніцтва Польшчы ў бок нагнятання абстаноўкі ў рэгіёне стала рашэнне аб правядзенні ў адказ на планавае сумеснае стратэгічнае вучэнне Узброеных Сіл Беларусі і Расіі "Захад-2025" серыі дывізіённых вучэнняў "Жалезны абаронца" ва ўсходніх рэгіёнах краіны. Яна пройдзе, нягледзячы на рашэнне беларускага боку аб скарачэнні колькасці ўдзельнікаў вучэння "Захад-2025".
"Тым не менш у пацвярджэнне імкнення да наладжвання дыялогу з польскім ваенна-палітычным кіраўніцтвам і з мэтай зніжэння патэнцыяльных рызык узброеных сутыкненняў на фоне разгортвання дадатковых сіл і сродкаў польскай арміі паблізу дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь 16 чэрвеня бягучага года беларускае абароннае ведамства накіравала ў адрас Рэспублікі Польшча па сетцы сувязі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе афіцыйную прапанову ў бліжэйшы час правесці перагаворы па лініі верыфікацыйных ведамстваў з дапамогай тэлефоннай або відэасувязі. Акрамя таго, беларускі бок выказаў гатоўнасць да арганізацыі прамых кантактаў прадстаўнікоў узброеных сіл дзвюх дзяржаў як на тэрыторыі Беларусі і Польшчы, так і трэціх краін у любы час, а таксама гатоўнасць да правядзення ўзаемных верыфікацыйных мерапрыемстваў у рамках дзеючых пагадненняў", - адзначыў Валерый Равенка.
Беларускі бок зыходзіць з таго, што аднаўленне ўзаемадзеяння паміж верыфікацыйнымі цэнтрамі абедзвюх дзяржаў можа паслужыць першым, але вельмі канкрэтным і паказальным крокам на шляху наладжвання кантактаў паміж нашымі дзяржавамі і стабілізацыі абстаноўкі ў рэгіёне ў цэлым.
"Аднак праз месяц ад польскага боку быў атрыманы толькі фармальны адказ, які не прадугледжвае аднаўлення добрасуседскіх адносін з нашай дзяржавай. Ён сведчыць аб тым, што Варшава прадаўжае безагаворачна прытрымлівацца ўказанняў тых, каму выгадна развязванне новага ваеннага канфлікту ў Еўропе, арэнай якога могуць стаць і Рэспубліка Беларусь, і Рэспубліка Польшча, - дапоўніў начальнік дэпартамента. - Толькі ад рашэння ваенна-палітычнага кіраўніцтва Рэспублікі Польшча залежыць, ці ўвойдзе яна ў гісторыю як дзяржава, якая не змагла прадухіліць новую вайну ў Еўропе, ці як краіна, якая скарысталася дыпламатычнымі метадамі для вырашэння існуючых супярэчнасцей і тым самым унесла важкі ўклад ва ўмацаванне агульнаеўрапейскай бяспекі".
"Рэспубліка Беларусь прадаўжае паслядоўна і непахісна рухацца па шляху вяртання міру і стабільнасці ва Усходнееўрапейскі рэгіён. У сувязі з гэтым мы па-ранейшаму прапануем ваенна-палітычнаму кіраўніцтву Рэспублікі Польшча вярнуцца да раўнапраўнага і ўзаемапаважлівага дыялогу. Мы гатовы разгледзець як поўнае вяртанне да заключаных раней дамоўленасцей, так і магчымасць пашырэння комплексу мер транспарэнтнасці, даверу і бяспекі, - падкрэсліў Валерый Равенка. - Беларускі бок разлічвае на тое, што кіраўніцтва Польшчы зробіць правільны выбар: выбар на карысць бяспекі, мірнага суіснавання і супрацоўніцтва".