Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

6 Чэр 2017

Беларусь не выключае магчымасці пашырэння сеткі дыппрадстаўніцтваў у краінах Афрыкі

6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь не выключае магчымасці пашырэння сеткі дыппрадстаўніцтваў у краінах Афрыкі. Аб гэтым заявіў сёння журналістам намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў перад пачаткам першага беларуска-афрыканскага форуму "Беларусь і Афрыка: новыя гарызонты", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Утрымліваць пасольствы ў замежнай дзяржаве - справа дарагая, - адзначыў намеснік міністра, адказваючы на пытанне аб планах пашырэння колькасці пасольстваў у Афрыцы. - Калі гэта апраўдана, мы былі б зацікаўлены ў тым, каб пашыраць сетку нашых загранустаноў. У нас цяпер працуюць пасольствы ў Егіпце, ПАР, Эфіопіі і Нігерыі. Вядома, гэтага мала, але ў параўнанні з тым, з чаго мы пачыналі, калі ў Афрыцы не было нашых пасольстваў наогул, - гэта якасны скачок". Пры гэтым Валянцін Рыбакоў растлумачыў, што для адкрыцця пасольстваў мэтанакіравана выбіраюцца тыя дзяржавы, якія могуць служыць апорнымі пунктамі для супрацоўніцтва не толькі з канкрэтнай краінай, але і з дзяржавамі рэгіёна.

Паводле слоў намесніка міністра, Беларусь даволі паспяхова працуе на афрыканскім кантыненце. "Але ўсё ж сённяшні форум - гэта гістарычнае мерапрыемства, ён праходзіць упершыню ў гісторыі. Цяпер мы будзем спрабаваць зрабіць усё, каб партнёры знайшлі адзін аднаго. Кантынент вельмі перспектыўны, патэнцыял супрацоўніцтва вялікі. Нам ёсць што прапанаваць афрыканскім дзяржавам, і ўжо актыўна рэалізуюцца праекты з шэрагам краін Афрыкі", - сказаў Валянцін Рыбакоў. У першую чаргу размова ідзе аб прамысловай зборцы тэхнікі, а таксама супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі.

У перыяд правядзення Беларускага аграпрамысловага тыдня "Белагра-2017" 6-7 чэрвеня праходзіць першы беларуска-афрыканскі форум з удзелам ААТ "Банк развіцця Рэспублікі Беларусь" і Афрыканскага экспартна-імпартнага банка. Мерапрыемства праводзіцца з акцэнтам на пашырэнне магчымасцей супрацоўніцтва ў сельскагаспадарчай і прамысловай сферах. Колькасць зарэгістраваных удзельнікаў з краін Афрыкі - больш за 70 чалавек з 10 краін кантынента, уключаючы міністраў сельскай гаспадаркі Анголы, Намібіі і Уганды, міністра прамысловасці Анголы, міністра фінансаў Тога, кіраўніцтва Афрыканскага экспартна-імпартнага банка, іншых банкаўскіх структур Афрыкі, прэзідэнта Нацыянальнага саюза афрыканскіх фермераў, прадстаўнікоў буйнейшых кампаній краін Афрыкі.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі