Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Каляндар падзей у Беларусі
Выдатныя мясціны Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

21 Oct 2016

Беларусь гатова правесці на самым высокім узроўні ІІ Еўрапейскія гульні ў 2019 годзе

21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова правесці на самым высокім узроўні ІІ Еўрапейскія гульні ў 2019 годзе. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 кастрычніка ў Мінску на 45-м пасяджэнні Генеральнай асамблеі Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што акцэнт пры правядзенні гэтых маштабных міжнародных спаборніцтваў будзе зроблены на душэўнасці і стварэнні камфортных умоў для спартсменаў і балельшчыкаў. "Трэба зрабіць так, каб спартсмены адчувалі сябе ідэальна і паказвалі або імкнуліся паказаць самыя высокія вынікі, каб фанаты і балельшчыкі адчувалі, што гэта свята, каб гэтыя спаборніцтвы аб'ядноўвалі ўсіх не толькі ў краіне правядзення, але і ў свеце ў цэлым", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

"Беларусь усё зробіць для таго, каб спаборніцтвы былі добрымі, душэўнымі і каб вы ніколі не пашкадавалі аб прынятым рашэнні правесці Еўрапейскую алімпіяду ў Беларусі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў у якасці аднаго з прыярытэтаў у рабоце ЕАК зрабіць спорт без межаў, правядзенне розных трансгранічных спаборніцтваў. "Прапануем у рамках ЕАК фарміраваць штогадовы еўрапейскі каляндар такіх міжнародных спартыўных мерапрыемстваў, уключаючы масавыя. Неабходна для іх удзельнікаў, спартсменаў і балельшчыкаў істотна спрасціць візавыя, пагранічныя і мытныя фармальнасці, аж да іх адмены. Гэта дасць магчымасць прыцягнуць значна большую аўдыторыю", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адна ініцыятыва беларускага боку - распрацаваць у рамках ЕАК праект у сферы дадатковай адукацыі для спартсменаў, якія завяршылі кар'еру. Дадатковай мерай падтрымкі ветэранаў спорту можа стаць і сістэма грантаў на пачатак уласнай справы, асабліва калі размова ідзе аб арганізацыі спартыўных школ або клубаў для дзяцей.

Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на пытанні барацьбы з допінгам. "Мы вітаем намаганні Міжнароднага алімпійскага камітэта (калі яны давядуць сваю справу да канца) па рэфармаванні сусветнай антыдопінгавай сістэмы", - заявіў ён.

Прэзідэнт адзначыў неабходнасць большай празрыстасці ў дзейнасці ВАДА, уключанасці ў работу большай колькасці краін, што дасць магчымасць пазбегнуць многіх злоўжыванняў і павысіць эфектыўнасць работы. "Беларусь - за чысты спорт. Але калектыўная адказнасць - не лепшы метад. Адхіленне цэлых каманд і краін ад удзелу ў Гульнях - неапраўдана і контрпрадукцыйна, - упэўнены Аляксандр Лукашэнка. - Пакаранне за парушэнне павінна быць кропкавым і непазбежным, а не ўсеагульным і паспешным. Правы сумленных спартсменаў павінны быць у аснове".

У сваім выступленні Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў словы падтрымкі прэзідэнту Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Патрыку Хікі, якога ў час Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра абвінавацілі ў некаторых правапарушэннях.

"Беларусь поўнасцю падзяляе пазіцыю Выканаўчага камітэта ЕАК аб адсутнасці доказаў яго вінаватасці, - заявіў беларускі лідар. - Часам крыўдна і смешна, калі з нашых радоў па надуманых прычынах пачынаюць вырываць самых дзейных людзей, якія не толькі маюць уласнае меркаванне, а гатовы ў любы момант заявіць яго. Нам ніхто рот не закрые. Мы павінны сумленна, адкрыта і прынцыпова выказвацца па ўсіх пазіцыях, а любога з нашых сяброў, супрацоўнікаў мы зможам адстаяць разам".

Аляксандр Лукашэнка таксама правёў шэраг сустрэч і перагавораў з міжнароднымі спартыўнымі функцыянерамі.

На сустрэчы з выконваючым абавязкі прэзідэнта Еўрапейскіх алімпійскіх камітэтаў Янезам Качыянчычам кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ЕАК заўсёды можа разлічваць на Беларусь. "Мы не супердзяржава, але спорту ўдзяляем вялікую ўвагу, - адзначыў беларускі лідар. - Вельмі хачу, каб наша еўрапейская арганізацыя ні ў якім разе не ўступала арганізацыям іншых кантынентаў, у тым ліку Міжнароднаму алімпійскаму камітэту. Я адносна гэтага нацыяналіст і патрыёт".

"Калі ў вас будзе жаданне праводзіць у нас любыя мерапрыемствы ў рамках гэтай арганізацыі, мы гатовы ў любы момант падтрымаць нашу арганізацыю", - запэўніў Прэзідэнт.

Пры арганізацыі Еўрапейскіх гульняў 2019 года Беларусь плануе скарыстацца вопытам Азербайджана, які ўжо праводзіў першыя такія спаборніцтвы. Аб гэтым Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Азербайджана Чынгізам Гусейнзадэ.

Беларускі бок таксама разлічвае на актыўнае ўзаемадзеянне і падтрымку з боку прэзідэнта Асацыяцыі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў, прэзідэнта Алімпійскага савета Азіі, члена Міжнароднага алімпійскага камітэта шэйха Ахмада аль-Фахада аль-Сабаха.

"Вы прапанавалі вельмі добрую рэч, і, калі гэта магчыма, я гатовы скарыстацца ёю, каб і на міждзяржаўным узроўні аднавіць нашы актыўныя кантакты, - заявіў беларускі лідар на перагаворах з шэйхам. - Калі ў вас будзе жаданне, каб Беларусь прыняла больш актыўны ўдзел і ў спартыўным руху, і ў эканоміцы, у бізнесе, то мы гатовы падтрымаць вас у гэтым плане і тыя дзяржавы, якія вы парэкамендуеце. Такі прагматызм нашай сустрэчы".

Праз некаторы час да сустрэчы з шэйхам далучыўся прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Арменіі Гагік Царукян. Ён паднёс кіраўніку беларускай дзяржавы падарунак ад НАК Арменіі ў гонар 25-годдзя НАК Беларусі і правядзення ў нашай краіне Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе з пажаданнямі ў будучым прыняць Алімпіяду.

У ходзе пасяджэння Генасамблеі ЕАК, а таксама двухбаковых сустрэч Аляксандру Лукашэнку былі ўручаны яшчэ некалькі ўзнагарод і памятных падарункаў. У іх ліку залаты ордэн Міжнароднай федэрацыі бокса, які ўручаецца кіраўнікам дзяржаў на асаблівыя заслугі ў папулярызацыі спартыўнага і алімпійскага руху, а таксама ў знак прызнання самаадданасці і вернасці справе развіцця бокса на міжнародным і нацыянальным узроўнях.

Чынгіз Гусейнзадэ ўзнагародзіў Прэзідэнта Беларусі Алімпійскім ордэнам.

Шэйх Ахмад аль-Фахад аль-Сабах уручыў беларускаму лідару ордэн Асацыяцыі нацыянальных алімпійскіх камітэтаў.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі