19 красавіка, Кішынёў /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/.
"Самы важны праект, які мы хацелі б рэалізаваць з малдаўскім кіраўніцтвам, - гэта падрыхтоўка спецыялістаў для Малдовы. Усё добра: аўтобусы збяром, паглыбім лакалізацыю тут. Але, калі не будзе людзей, якія ўмеюць вырабляць і эксплуатаваць гэту тэхніку, будзе бяда", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што такія прапановы Беларусь агучвае толькі сваім сябрам, паколькі рэалізаваць іх затратна, а асаблівасцямі падрыхтоўкі кадраў і тэхналогіямі не прынята раскідвацца. "Мы можам вельмі хутка, на працягу некалькіх месяцаў у Мінску рыхтаваць для вас інжынераў. Яны вернуцца да вас майстрамі і будуць збіраць аўтобусы, ажыццяўляць лакалізацыю іншых прадпрыемстваў і паралельна вучыць іншых", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
З просьбай да беларускага боку аб падрыхтоўцы кадраў па тэхналагічных спецыяльнасцях звярнуўся Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон. "Мы гатовы вам як сваім блізкім людзям, братам, дапамагчы падрыхтаваць людзей па асноўных напрамках", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Бакі дэталёва прапрацуюць гэтыя пытанні, адпаведныя даручэнні дадзены ўрадам і профільным ведамствам абедзвюх краін.