Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

25 Nov 2016

Амаль 600 дэлегатаў прымуць удзел у з'ездзе Саюза пісьменнікаў Беларусі 29 лістапада

25 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Амаль 600 дэлегатаў прымуць удзел у рабоце з'езда Саюза пісьменнікаў Беларусі 29 лістапада ў Мінску, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

Гасцямі З'езда беларускіх пісьменнікаў стануць калегі з Расіі, Украіны, Азербайджана, Таджыкістана, Кыргызстана, Літвы, Сербіі і іншых краін - усяго амаль 20 прадстаўнікоў пісьменніцкага цэха з-за мяжы.

На з'ездзе падвядуць вынікі работы за пяцігоддзе і намецяць планы на наступныя 5 гадоў. Чакаецца зацікаўленая размова, грунтоўнае абмеркаванне пытанняў, якія стаяць перад літаратарамі. У ліку актуальных тэм старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі назваў неабходнасць развіцця дзіцячай літаратуры, паколькі яна выконвае важную ролю ў выхаванні падрастаючага пакалення.

У цэнтры ўвагі беларускіх пісьменнікаў будзе пытанне развіцця прозы, паэзіі, а таксама жанравая разнастайнасць літаратуры. Мікалай Чаргінец адзначыў, што ў Беларусі актыўна выдаецца дэтэктыўная літаратура, гістарычная. Тэма Вялікай Айчыннай вайны застаецца важнай з пункту гледжання паказу гераізму савецкага народа і з пункту гледжання недапушчэння такіх канфліктаў.

Старшыня СПБ адзначыў, што беларускім пісьменнікам удалося прарваць маўчанне вакол песеннага жанру. Шмат добрых песень сёння незаслужана забыты, лічыць ён. Але і сучасныя аўтары пішуць дастойныя творы, якія могуць гучаць, быць запатрабаваны публікай. Прыкладам таго з'яўляюцца новыя музычныя творы, напісаныя ў творчым саюзе паэтам Іванам Юркіным і кампазітарам Алегам Елісеенкавым, выкананыя Анатолем Ярмоленкам. Гэта тэма патрабуе прадаўжэння і развіцця, перакананы Мікалай Чаргінец.

Асаблівую ўвагу трэба ўдзяляць школьнай літаратуры, лічыць ён. Неабходна, каб у палітру твораў для юных чытачоў былі ўключаны кнігі, якія адпавядаюць духу часу, жыцця краіны. І гэта тэма стане прадметам для сур'ёзнай размовы.

На з'ездзе таксама будзе абмяркоўвацца пытанне стварэння інстытута крытыкі. Работа ў гэтай сферы павінна грунтавацца на прафесійнай аснове. "Часам гучаць зняважлівыя абвінавачанні ў наш адрас у тым, што прэміі літаратары атрымліваюць ледзь не зыходзячы з нечых інтарэсаў. Ёсць прапанова ў склад журы літаратурных конкурсаў не ўключаць членаў Саюза пісьменнікаў, каб рашэнне аб прысуджэнні ўзнагароды не выклікала крыватолкаў", - сказаў Мікалай Чаргінец.

Акрамя таго, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі лічыць, што неабходна павялічваць колькасць конкурсаў, канферэнцый для літаратараў-пачаткоўцаў, паколькі гэта будзе садзейнічаць іх больш хуткаму прафесійнаму росту і творчаму развіццю.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі