19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка выбраны членам Прэзідыума VII Усебеларускага народнага сходу (УНС). Адпаведныя вынікі тайнага галасавання дэлегатаў агучаны на пасяджэнні УНС 19 снежня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Вакансія ў Прэзідыуме ўзнікла вясной бягучага года пасля кадравых змяненняў ва ўрадзе - Канстанцін Бурак быў назначаны памочнікам Прэзідэнта - інспектарам па Гродзенскай вобласці, у сувязі з чым страціў статус дэлегата УНС і члена Прэзідыума.
Прэзідыум УНС з'яўляецца пастаянна дзеючым калегіяльным органам, які падсправаздачны Сходу і забяспечвае аператыўнае вырашэнне пытанняў, якія ўваходзяць у кампетэнцыю УНС. Членамі Прэзідыума з'яўляюцца Старшыня УНС і яго намеснікі. Іншыя члены Прэзідыума выбіраюцца з ліку дэлегатаў УНС. Гранічная колькасць Прэзідыума УНС складае 15 чалавек.
У адпаведнасці з законам "Аб Усебеларускім народным сходзе" члены Прэзідыума выбіраюцца тайным галасаваннем. Аднак у ходзе вылучэння кандыдатуры Аляксея Кушнарэнкі кіраўнік беларускай дзяржавы і Старшыня УНС Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што заканадаўства ў гэтых адносінах, магчыма, трэба падкарэкціраваць.
"Тое, што мы абавязкова павінны (правесці працэдуру тайнага галасавання за кандыдата. - Заўвага БЕЛТА), згодна з нашай дэмакратыяй, - ужо крытыкуюць мяне за гэта. Але пры чым тут я? Гэта ж вы прымалі рашэнне, што ўсе члены Прэзідыума УНС выбіраюцца тайным галасаваннем. Многія цяпер, нават Аляксандр Мікалаевіч (намеснік Старшыні УНС Аляксандр Косінец. - Заўвага БЕЛТА) гаворыць, што гэта можна было б рабіць і адкрытым галасаваннем, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Атрымліваецца так, што члена Прэзідыўма тайна выбіраем, а далей мы будзем назначаць суддзяў Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў - гэта адкрытым галасаваннем. Таму мы разгледзім, яшчэ раз вернемся да гэтага закона. І трэба падрэгуляваць, каб час сапраўды не губляць, неяк ураўнаважыць і збалансаваць сітуацыю".