Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

18 Жнв 2020

Ад разрыву з Расіяй да ўваходжання ў ЕС і НАТА - Лукашэнка адзначае поўную няслушнасць апазіцыйнай праграмы

Ад разрыву з Расіяй да ўваходжання ў ЕС і НАТА - Лукашэнка адзначае поўную няслушнасць апазіцыйнай праграмы

18 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на праведзенай нарадзе з членамі Савета бяспекі раскрытыкаваў праграму апазіцыйнага штаба, у якой пералічаны першачарговыя меры да 2021 года і доўгатэрміновыя - да 2030 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы даручыў ва ўрадзе і Адміністрацыі Прэзідэнта на кожны пункт падрыхтаваць інфармацыю аб наступствах для краіны, калі гэта будзе рэалізавана. "Урад падрыхтуе ўсе матэрыялы, і мы потым народу даложым пра наступствы кожнага кроку", - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама асабіста выказаўся адносна пунктаў праграмы.

"Напрыклад, выхад з Саюзнай дзяржавы, Еўразійскага саюза, Мытнага саюза (праўда, недасведчаныя, такога ўжо няма - у нас Еўразійскі саюз ужо створаны ў развіццё Мытнага саюза), іншых інтэграцыйных утварэнняў, дзе дамінуе Расія. Павінен сказаць, што ні ў адной той структуры Расія не дамінуе. Трэба чытаць статутныя дакументы. Там пытанні прымаюцца кансэнсусам, і кожная краіна мае адзін голас", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Таксама апазіцыя прапануе ўвесці пагранічны і мытны кантроль на граніцы з Расіяй. "Гэта значыць устанаўліваецца беларуска-расійская граніца з усімі вынікаючымі наступствамі", - адзначыў Прэзідэнт.

"Трэцяе - забарона продажу расійскім кампаніям аб'ектаў беларускай інфраструктуры. Расійскім! Паўстае пытанне, а якім можна? Зразумела, заходнім. Мая пазіцыя і наша адназначна: мы нікому нічога не збіраемся прадаваць. Так, як было дагэтуль", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся таксама адносна пункта аб вызваленні СМІ ад кантролю з боку дзяржавы. "Гэта значыць, сёння кантроль дзяржавы - гэта дрэнна, не можа быць. А вось нейкі каардынацыйны савет з нейкіх шарлатанаў будзе створаны, вось яны будуць кантраляваць СМІ. Ну, так было ва Украіне і іншых краінах, вы гэта ведаеце", - сказаў Прэзідэнт.

Акрамя таго, апазіцыя прапануе забяспечыць трансляцыю ў Беларусі тэлеканалаў Латвіі, Літвы, Польшчы і Украіны. "Яны будуць вяшчаць нам. І забарона трансляцыі ў Беларусі расійскіх тэлеканалаў. Без каментарыяў", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У ваеннай сферы прапануюць выйсці з АДКБ, закрыццё на тэрыторыі Беларусі расійскіх ваенных баз - вузла сувязі ў Вілейцы і радыёлакацыйнай станцыі пад Баранавічамі. Пры гэтым на нарадзе было адзначана, што адпаведныя аб'екты нават не маюць статусу баз. "Я не разумею, а чым пагражаюць нам ваенныя базы? Гэта нават не баявыя падраздзяленні. Там - 90 працэнтаў - працуюць нашы людзі, атрымліваюць адпаведную заработную плату, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Выхад з АДКБ... Трэба разумець, небяспека ў тым, што ў нас савецкая, расійская зброя. Калі мы выйдзем з АДКБ, ды пры такой антырасійскай лініі, у нас гэта зброя ператворыцца ў хлам на працягу аднаго года", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Гэта зброя, савецка-расійская, усё будзе знішчана. Па стандартах НАТА патрэбны будуць вялізныя грошы для пераўзбраення арміі. Думаюць, што дадуць натаўцы. Ніхто нічога не дасць! Карачыцца будуць самі. Іх гэта не хвалюе, вы далей убачыце", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

"Далей: развіццё, прытым шырокае, пагранічнай інфраструктуры на захадзе з Еўрасаюзам. Пры гэтым, як вы чулі, закрываем граніцу з Расіяй. Наступствы не цяжка прадказаць. Калі мы сёння гандлюем з Расіяй, што будзе заўтра, вы ведаеце", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаўся і наконт увядзення так званай паўзучай забароны ў Беларусі рускай мовы. "Адкрыта не гавораць, але паўзучая забарона рускай мовы. Уводзіцца паняцце крымінальнай адказнасці за знявагу беларускай мовы. Слухайце, а ў нас што, факты такія былі некалі, што мы зневажалі сваю родную мову? Ніколі гэтага не было", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца моўнай тэмы, то апазіцыя таксама прапануе перавесці на беларускую мову армію, а ў тэрмін да 2030 года ўвесці адукацыю на беларускай мове ад дзіцячых садоў да ўніверсітэтаў. "Мы вызначыліся з вамі, мы прайшлі і перагарнулі гэту старонку. Мы вызначыліся, як будзем дзейнічаць у плане беларускай і рускай моў. У нас яны дзяржаўныя, - адзначыў Прэзідэнт. - Мы дамовіліся, што не будзем педаляваць гэту тэму. Размаўляйце на любой мове. У нас і англійская не забаронена, ніякая. Ідзі кітайскую, англійскую вывучай. Не, трэба ўзняць гэту праблему моўную!"

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў шэрагу краін, у тым ліку еўрапейскіх, ёсць па некалькі дзяржаўных моў. "Аўстрыя наогул выкарыстоўвае нямецкую мову. І нічога, жывуць нармальна", - заўважыў ён.

Яшчэ адзін пункт апазіцыйнай праграмы - аднаўленне Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў процівагу Беларускаму Экзархату Маскоўскага Патрыярхата. "Мы заўсёды ганарыліся, што ў нас міжканфесійны мір, што ніхто нікому не перашкаджае. Ні праваслаўным, ні католікам. Мусульмане ў нас задаволеныя жывуць, іўдзеі і гэтак далей. Мы цяпер акунёмся ў вайну, барацьбу міжканфесійную, і на гэтай глебе, і міжнацыянальнай. І атрымаецца, тое, чым мы заўсёды ганарыліся, будзе адхілена і зганьбавана", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Нарэшце, размова ў апазіцыйнай праграме ідзе аб падачы заяў на членства ў Еўрасаюзе і НАТА. Наконт гэтага кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ва Украіне "дэмакратыю ўсталявалі ўжо, напэўна, каля 10 гадоў таму", але ніхто іх ні ў НАТА, ні ў ЕС не прыняў. "Больш таго, ніхто нікога там не чакае. Іх, а нас тым больш. Мы проста гэтым самым знішчым сваю краіну", - упэўнены беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу, што нядаўна ў амерыканскіх СМІ з'явілася тэорыя пра саюз трохмор'я: "Балтыка, Чорнае мора, Адрыятыка. Расіі там няма, Сербіі там няма, Беларусь ёсць. Нас ужо туды ўключылі".

"Яшчэ раз падкрэсліваю: у бліжэйшы час мы прааналізуем гэтыя пытанні і даложым народу пра наступствы падобных дзеянняў. Але вы сёння бачыце, наколькі скаардынавана тое, што яны спрабуюць нам падкінуць унутры краіны. Перавыбары, хаос і гэтак далей, забастоўкі на прадпрыемствах. Пачалі душыць сем'і дзяржслужачых, ваенных, міліцыі, СМІ. Мы ўсё гэта бачым, мы не заспакойваемся", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі