Афіцыйны сайт Рэспублікі Беларусь
Улада
Выдатныя мясціны Беларусі
Каляндар падзей у Беларусі
Сусветная спадчына ЮНЕСКА ў Беларусі
Беларускія санаторыі і курорты
Сувеніры з Беларусі
| Галоўная | Улада | Падзеі

Падзеі

15 Сак 2023

15 сакавіка - Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

15 сакавіка - Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь
Фота з архiва

15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца Дзень Канстытуцыі.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь - Асноўны закон краіны, які мае вышэйшую юрыдычную сілу і замацоўвае асноўныя прынцыпы і нормы прававога рэгулявання важнейшых грамадскіх адносін. Канстытуцыя вызначае дзяржаўны лад, устанаўлівае прынцыпы выбарчай сістэмы, рэгулюе ўтварэнне органаў улады, замацоўвае правы і абавязкі грамадзян. Вышэйшай каштоўнасцю Канстытуцыя аб'яўляе чалавека, яго жыццё.

Канстытуцыя Беларусі была прынята 15 сакавіка 1994 года. Яна ўпершыню ў гісторыі беларускай дзяржаўнасці замацавала статус рэспублікі як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, устанавіла прынцыпы дэмакратычнага ладу, прыярытэт правоў і свабод чалавека, вяршэнства міжнароднага права. Акрамя таго, Канстытуцыяй упершыню ў гісторыі краіны ў сістэме вышэйшых органаў дзяржаўнай улады прадугледжана пасада Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэты дакумент заклаў трывалы прававы фундамент незалежнасці, рэалізаваў імкненне беларускага народа быць паўнапраўным гаспадаром на роднай зямлі. 15 сакавіка кожны год адзначаецца дзяржаўнае свята - Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыя 1994 года дзейнічае са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 года, 17 кастрычніка 2004 года і 27 лютага 2022 года.

Першыя змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю былі ўнесены ў выніку праведзенага 24 лістапада 1996 года рэспубліканскага рэферэндуму, на які былі вынесены два праекты абноўленага Асноўнага закона. За праект, прапанаваны Прэзідэнтам Беларусі А.Р.Лукашэнкам, прагаласавалі 70,5 працэнта ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. За праект Вярхоўнага Савета - 7,9 працэнта ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. На аснове вынікаў рэферэндуму Канстытуцыя была прынята ў новай рэдакцыі. У прыватнасці, былі пераразмеркаваны паўнамоцтвы паміж Прэзідэнтам, парламентам і ўрадам, пашыраны некаторыя правы і свабоды.

Наступны рэферэндум, на які былі вынесены пытанні змянення і дапаўнення Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адбыўся 17 кастрычніка 2004 года. Яго вынікам з'явілася выключэнне з часткі першай артыкула 81 Канстытуцыі нормы аб заняцці адной і той жа асобай пасады Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь не больш за два тэрміны. За новую рэдакцыю часткі першай артыкула 81 Канстытуцыі выказаліся 79,42 працэнта грамадзян ад агульнай колькасці ўнесеных у спісы для галасавання.

Трэці рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю быў праведзены 27 лютага 2022 года па ініцыятыве Прэзідэнта. На грамадскае абмеркаванне быў вынесены абноўлены варыянт Асноўнага закона краіны, дзе было прапанавана змяніць 83 артыкулы, дапоўніць тэкст адной главой аб Усебеларускім народным сходзе і 11 новымі артыкуламі. Змяненні перш за ўсё закранулі пытанні дзяржаўнага ладу нашай краіны. Так, былі сфармуляваны нормы, якія вызначаюць статус, парадак фарміравання і паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу, які стаў вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя. За прыняцце змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі прагаласавалі 4 440 830 грамадзян, што склала 82,86 працэнта тых, хто галасаваў.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 сакавіка 2022 года на ўрачыстай цырымоніі ў Палацы Незалежнасці падпісаў Рашэнне рэспубліканскага рэферэндуму па змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю краіны. "Мы стварылі і прынялі ўнікальны прававы дакумент. У ім спалучаюцца традыцыі і інавацыі, народаўладдзе, адзінства кіравання. Без беспадстаўнай сціпласці яго можна назваць Канстытуцыяй будучыні", - заявіў беларускі лідар.

Лукашэнка таксама адзначыў, што ў гісторыю суверэннай Беларусі ўпісана новая старонка - 27 лютага 2022 года адбыўся рэспубліканскі рэферэндум, на якім абсалютная большасць грамадзян падтрымала прапанаваныя канстытуцыйныя папраўкі. "А гэта значыць, што падзея ўвойдзе ў падручнікі як чарговая вяха развіцця суверэннай краіны. І вельмі сімвалічна, што абноўлены Асноўны закон уступіць у сілу 15 сакавіка - У Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь увасабляе ў сабе пераемнасць і вопыт шматвяковага гістарычнага шляху Беларусі, знамянуе новы этап у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Яна грунтуецца на неад'емным суверэнным праве беларускага народа мець сваю дзяржаўнасць і быць паўнапраўным суб'ектам сусветнай супольнасці. Беларуская Канстытуцыя гарантуе кожнаму грамадзяніну свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, дастойнага жыцця і гарманічнага ўсебаковага развіцця асобы.

Архіў
Пн Аўт Сер Чцв Пт Сб Нядз
Помнікі Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі