5 снежня, Мінск /Сяргей Уладыс - БЕЛТА/. Традыцыйны Калядны тэнісны VIP-турнір "Атлант-М" збярэ 180 спартсменаў. Спаборніцтвы пройдуць з 13 па 15 снежня на дзвюх пляцоўках у Мінску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары спаборніцтваў.
Турнір, які па праву лічыцца ў Беларусі адным з самых значных аматарскіх спаборніцтваў, пройдзе дванаццаты раз. У асноўную сетку спаборніцтваў з адборачнага этапу выйдуць 96 майстроў ракеткі, або 48 пар.
Калядны турнір "Атлант-М" вызначаецца вельмі высокім узроўнем. "І тут размова ідзе і аб статусе ўдзельнікаў турніру, сярод якіх вядомыя беларускія бізнесмены, тытулаваныя тэнісісткі, чыноўнікі і функцыянеры. Сустрэчы праходзяць у парным разрадзе, прычым пары, як правіла, фарміруюцца па прынцыпу прафесіянал+аматар", - растлумачылі арганізатары.
Прыгожай адметнасцю турніру з'яўляюцца дзяўчаты-тэнісісткі, якія прафесійна займаюцца тэнісам і ўваходзяць у рэйтынг тэніснай асацыяцыі Беларусі. У гэтым годзе ў турніры прымуць удзел майстры спорту міжнароднага класа, ігракі сусветнага ўзроўню Таццяна Пучак, Дар'я Кустава, Іма Богуш, Вольга Барабаншчыкава, Паліна Пехава і лепшыя ігракі юнацкай зборнай Дар'я Лебешева, Садаф Талібава, Паліна Дубавец, Ірына Шымановіч.
З 2005 года турнір мае статус міжнароднага: у спаборніцтвах прымаюць удзел прадстаўнікі бізнесу і дзяржструктур Украіны і Расіі. "Аднак не толькі знакамітыя ўдзельнікі вызначаюць высокі ўзровень турніру: якасць гульні можна параўнаць з прафесійнымі спаборніцтвамі. Неаднаразова і прафесійныя ігракі, і аматары з вялікім вопытам адзначалі высокі ўзровень яго падрыхтоўкі", - расказалі арганізатары. Напрыклад, вядомая беларуская тэнісістка, тэлевядучая і спявачка Вольга Барабаншчыкава адзначыла, што ёй вельмі прыемна ўдзельнічаць у гэтым спартыўным свяце, таму што яна бачыць вельмі прыгожы тэхнічны тэніс.
У гэтым годзе заяўку на ўдзел у турніры можна падаць анлайн, запоўніўшы анкету на афіцыйным сайце мерапрыемства www.atlantmopen.com.
Нагадаем, што ў 2012 годзе першае месца ў турніры заняла пара Дзмітрый Татур і Аляксандр Кернажыцкі з Мінска.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|