13 чэрвеня, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Серыя выставак пад агульнай назвай "Стварэнне свету", прысвечаная 25-годдзю ўстановы адукацыі "Гомельскі дзяржаўны мастацкі каледж", адкрываецца сёння ў абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І.Леніна. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе аблвыканкама.
Яшчэ ў працэсе падрыхтоўкі выстаўкі спецыялісты назвалі яе адной з самых маштабных з ліку аналагічных мерапрыемстваў, што праводзяцца ў Гомелі. Экспазіцыі будуць размяшчацца на трох паверхах бібліятэкі на плошчы некалькі соцень квадратных метраў.
Тут можна будзе ўбачыць выстаўку дыпломных работ выпускнікоў вучылішча па спецыяльнасці "Жывапіс", якія прадстаўляюць багацце тэхнік, тэм і аўтарскіх ідэй, распрацоўкі сувенірнай прадукцыі і аўтарскіх сумак, выстаўкі аўтарскіх лялек і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, афішы і раскадроўкі мультыплікацыйных фільмаў. У фае чытальнай залы на другім паверсе размесціцца групавы праект "Лялькі", у якім адноўлены народныя касцюмы па строях розных раёнаў рэспублікі.
Наведвальнікі змогуць таксама азнаёміцца з аўтарскімі работамі выкладчыкаў каледжа і метадычнымі вучэбнымі работамі навучэнцаў, у тым ліку малюнкамі, плакатамі, праектамі. Цікавымі будуць дэкаратыўныя пано ў тэхніцы батык, рамізнае ткацтва і габелен.
Гомельскі мастацкі каледж за гады свайго існавання падрыхтаваў амаль 800 спецыялістаў з мастацкай адукацыяй. Большасць яго выпускнікоў прадаўжаюць вучобу ў вышэйшых навучальных установах Беларусі. Навучэнцы каледжа - стыпендыяты розных фондаў, у тым ліку і спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі - перамагалі і перамагаюць у розных конкурсах, удзельнічаюць у міжнародных пленэрах, атрымліваюць многія іншыя ўзнагароды, у тым ліку ўрадавыя.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|