18 верасня, Гомель /Алена Сафронава - БЕЛТА/. V Міжнародны фестываль тэатраў агню пройдзе 20 верасня ў Гомелі ў час святкавання Дня горада. Ён стане кульмінацыяй урачыстасцей у абласным цэнтры, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аргкамітэце мерапрыемства.
У вогненным шоу прымуць удзел калектывы гарадоў Беларусі, Украіны, Расіі. Гледачоў чакае яркі паказ, у якім будзе месца гумару, цыркавым інтэрпрэтацыям, тэатральным пастаноўкам. У праграме будуць задзейнічаны таксама вядомыя ва ўсім свеце факіры.
Адметнасцю сёлетняга фестывалю стане вулічны арт-хаус, які пройдзе перад вогненным шоу. Госці свята змогуць стаць удзельнікамі кантактнай імправізацыі, перформансаў вулічных тэатраў, гледачамі майстар-класаў утаймавальнікаў агню. Будуць працаваць мімы, клоўны і папулярныя гомельскія групы.
Арганізатарамі фестывалю выступае радыё "107,4 FM" і Першы гарадскі тэлеканал пры падтрымцы Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта. Асноўная мэта мерапрыемства - папулярызаваць новы від мастацтва ў маладзёжным асяроддзі, пашыраць і развіваць міжрэгіянальныя сувязі.
Дзень горада ў Гомелі пройдзе 19-20 верасня. Гараджан і гасцей абласнога цэнтра чакае насычаная разнастайная праграма: тэатралізаваныя паказы, канцэрты зорак расійскай і беларускай эстрады, стылізаваныя падворкі, выстаўкі вырабаў ручной работы і многае іншае.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|