12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскі міжнародны калядны фестываль і "Калядны кiрмаш" адкрыліся сёння ў сталіцы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў галоўным упраўленні спажывецкага рынку Мінгарвыканкама.
Мінскі міжнародны калядны фестываль будзе працаваць да 10 студзеня (з 12.00 да 21.00) у раёне Палаца спорту, а ў навагоднюю ноч - з 21.00 31 снежня да 4.00 1 студзеня. Удзельнікі кірмашу размясціліся ў дзвюх асноўных зонах. У першай пад назвай "Літоўскі дворык" на прылаўках 15 аднолькавых белых драўляных гандлёвых шале, завезеных з Літвы, прадстаўлена прадукцыя народных промыслаў краін Балтыі: валюшна-лямцавыя вырабы, сувенірная кераміка, бурштын, каваныя вырабы, навагоднія ўпрыгажэнні. У другой зоне, дзе таксама размясціліся 15 палатак адзінага ўзору, дэкарыраваных у навагоднім стылі, наведвальнікі святочнага распродажу знойдуць вырабы з керамікі, вярблюджай шэрсці, бамбуку, шоўку, ільну, сувенірную прадукцыю, плеценую мэблю з лазы, халву, мёд ад беларускіх і расійскіх вытворцаў. Тут жа мінчане і госці сталіцы змогуць пакаштаваць тульскія пернікі з гарачым чаем з самавара на дровах. Для маленькіх наведвальнікаў на кірмашы працуе навагодняя пошта Дзеда Мароза. Пісьмы з гэтай пошты адправяць чараўніку ў Белавежскую пушчу.
Кірмашовыя рады "Каляднага кірмашу", работа якога прадоўжыцца да 15 студзеня, разгарнуліся на Кастрычніцкай плошчы і каля Палаца спорту. Тут штодзень з 12.00 да 21.00 жадаючыя змогуць не толькі набыць навагоднія падарункі і прысмакі, але і стаць удзельнікамі забаўляльнай праграмы.
Усяго ў снежні-студзені ў Мінску плануецца правесці больш за 50 калядных кірмашоў. Святочныя мерапрыемствы, на якіх у шырокім асартыменце будуць прадстаўлены ёлачныя ўпрыгажэнні, сувеніры, падарачныя наборы, карнавальныя касцюмы і харчовыя тавары, адбудуцца 25 снежня ва ўсіх адміністрацыйных раёнах горада. Вялікі калядны кірмаш "Навагоднi падарунак" пройдзе з 10.00 да 21.00 25 снежня каля Палаца спорту.
Пн | Аўт | Сер | Чцв | Пт | Сб | Нядз |
---|